Хвароба прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча на мінулым тыдні была звязана з нежаданнем сустракацца з групай еўрадэпутатаў, якія наведвалі Кіеў. Так мяркуе старшыня Камітэта па замежных справах Еўрапарламента Эльмар Брок.

«Мы сустрэліся з лідарамі апазіцыі. Мы сустрэліся з міністрам замежных спраў Кажарам. Мы сустрэліся са спадаром Клюевым, вельмі ўплывовым кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта», — распавёў ён, падводзячы вынікі візіту дэлегацыі з 12 дэпутатаў ад усіх сямі палітычных груп ЕП у Кіеў 28—30 студзеня.

«Павінна быць сустрэча і з прэзідэнтам Януковічам, але ён захварэў», — сказаў Брок, які прадстаўляе ў Еўрапарламенце Нямеччыну.

«Як толькі мы пакінулі Кіеў, прэзідэнт Януковіч раптам ачуняў», — адзначыў еўрадэпутат на прэс-канферэнцыі ў Страсбургу падчас сесіі Еўрапарламента.

Брок, вядомы сваімі крытычнымі заявамі ў адрас ўкраінскай улады, таксама сказаў, што Януковіч «губляе падтрымку свайго народа. Ён губляе падтрымку сваёй партыі».

Януковіч знаходзіўся на бальнічным з 30 студзеня па 3 лютага з-за вострага рэспіраторнага захворвання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?