— Напрыклад, вазьмі ката, — запатрабаваў ён катэгарычна.

— Куды вазьмі? — не зразумела я.

— Не куды, а куда, — павучыў ён мяне. — Нада гаварыць правільна.

Я кіўнула. Правільна дык правільна. Вучы­вучы. Што мне да цябе і тваіх слоў, сізы бомж? Не дзеля таго я сыходзіла з дому, каб звяртаць увагу на сізага бамжа.

Сышліся на ноч на станцыі ў Ратамцы — ну, паслухаю пра ката.

За сценамі свістаў сівер. Праз дзве гадзіны, у тры ночы, станцыю закрыюць, і да пяці­трыццаці, да першай электрычкі, прыйдзецца сядзець на вуліцы.

— Вазьмі ката, — працягваў ён настойваць. — Он ідзеальна прыспасоблен к жызні в условіях чрэзвычайнава гасподства челавека над прыродай!

Я не вельмі прыслухоўваюся.

Як цябе там клічуць? Валянцін? Віталій? Вітаю і віншую! Цудоўнае імя, якім бы яно ні было. Яшчэ паўтары гадзіны нам можна быць у станцыі, і трэба максімальна назапасіць цяпло. Бо завіруха на дварэ, і цяпло спатрэбіцца. Таму вяшчай, я не сыду.

— Абраті вніманіе, как устроены ево усы. Это ідзеальный пеленгатор, каторый…

Кот чаротавай масці, які стаў непасрэднай прычынай натхнёнага спічу Валянціна / Віталя (я бачыла, як ён употайкі даставаў чарніла з рукзака), не могучы больш трываць блох, моцна і энергічна пачухаўся. Сумеўся нягжэчных паводзінаў. Скруціўся ў клубочак у кутку пад батарэяй, схаваў пыску ў лапы. Бачыць нічога не хоча, чуць нічога не чуў.

 

Ты вяшчай, вяшчай, Віталій.
Бо нам трэба жыць надалей.
І круціць трэба педалі,
Каб не памярці.
Замятае сівер далі,
Мы нічога не чакалі,
Хоць ніколі не звярталі
З вернага пуці.


Прабачце. Недарэчна.

Вершы трэба пісаць або геніяльныя, або ніякія.

Ой.

Міліцыянты!

Гэтага яшчэ…

Малады лейтэнант аддзяліўся ад патруля і накіраваўся ў наш бок.

Я напружылася.

Куды тут бегчы, калі што?

«Уходіте. Счас будет операція по зачістке от бомжей, — лейтэнанцік стаяў спінаю да нас і гаварыў нягучна. — Понялі, нет? Уходіте, і подальше».

Дзякуй табе, лейтэнанцік. Нам два разы паўтараць не трэба. Мы змыліся адразу ж. Кот, ідэальна прыстасаваны да жыцця ва ўмовах панавання чалавека, застаўся пад батарэяй чакальнай залы станцыі Ратамка.

Падальшэ ухадзіць — гэта куды?

Відаць, лепш за ўсё далей ад чыгункі. Чыгунка — Айчына для бамжоў. Калі міліцыя тут праводзіць аперацыю, то трэба кіраваць падалей ад чыгункі. Бывай, Айчына!

Ад Ратамкі дарогі ідуць у розныя бакі: на Астрашыцкі Гарадок, на Ракаў, на Вязынку…

Па адной з іх я і пакрочыла — далей ад чыгункі. Веяў сівер. Валянцін­Віталій пацягнуўся за мной.

Пад раніцу, змучыўшыся выцягаць ногі са снегу, мы прыйшлі да мэты — да Астрашыцкага Гарадка, Вязынкі, Ракава, у залежнасці ад таго, якую б дарогу мы выбралі.

Цяпер трэ было думаць, як уладкавацца тут, нам, двум бамжам, у сэрцы Беларусі, удалечыні ад чыгункі.

Развіднялася. Дымы паднімаліся да неба. Пачыналася ранішняе жыццё, і я да яго прыглядалася. Куды тут пайсці, дзе абагрэцца Натальцы ды прымкнуламу да яе Валянціну\Віталію? (Халера, трэ ўжо перапытаць яго імя.)

Прыгожае беларускае мястэчка. З традыцыямі. Дамы на пагорку коса сядзяць радамі. Там вось, здаецца, крама. А вось школа — шыкоўная! О, здаецца, гэта прыбудова — кацельня. Мо туды? Качагар — сябра бадзягі. Гэта я вам з досведу кажу.

У кацельнай было цёпла, і нас нават напаілі чаем. Але далі зразумець, што доўга заставацца тут мы не можам — наставаў час школьнікаў.

І мы сабраліся далей — куды дарога завядзе.

Школьнікаў ужо падвозілі. З чорнага вялізнага джыпа, які вяла дама, выгрузіўся тлусты хлапчыска. Дама пайшла за ім — праводзіць. На ганку пацалавала хлопца, і той знік за дзвярмі, якія адчыняліся аўтаматычна. Спускаючыся з ганка, дама паслізнулася. Не ўпала, але абцасу — канец. Дастала з кішэні мабільнік:

— Это мама Стаса Іванова. У вас крыльцо нужно немедленно поремонтіровать. Я на нем каблук сломала. Нет, вы не понялі. Я мама Стаса Іванова. Да. Да. Всего доброго.

Не ведаю, хто штурхнуў мяне пад руку, але я выступіла вперед.

— Ізвініте, госпожа Іванова, не моглі бы вы дать мне телефон на мінутку, мне нужно позвоніть?

Не ведаю чаму, але мадам Іванова, пільна зірнуўшы на нас з Вінцэнтам (так, аказалася, яго завуць), працягнула мне свой даражэзны апарат. Я набрала нумар Варваркі.

— Доця, это я. Звоню тебе с чужого мобільніка, поэтому я быстро. Я поздравляю вас с Новым годом. Все нормально?

Голас Варваркі заспаны, цёплы…

— Мамачка, гэта ты?! Мамачка, дзе ты?

— Доця, як ты? Як Вася? Як тата?

— Мамачка, усё нармальна. Мы вельмі цябе чакаем. Калі ты вернешся?

— Всё, доця, я не могу больше говоріть, мне надо вернуть мобільнік. Пока­пока. Целую.

— Мама, мама, паслухай…

Я націснула кнопку з закрэсленым тэлефонам.

Вярнула тэлефон мадам Івановай і сказала «спасібо». Тая кіўнула і на зламаным абцасе паскакала да машыны. Праз хвіліну абярнулася і працягнула мне апарат зноў:

— Вам звонят, ответьте.

Я пакачала галавой.

— Скажыце, что меня уже нет поблізості.

Не, доця, не для таго я сыходзіла з дому, каб вярнуцца, мілая…

Да абеду мы з Вінцэнтам адышліся да іншага мястэчка. На пагорках коса сядзець радамі дамы. З традыцыямі мястэчка. Дзе тут школа?

Па дарозе нам насустрач ішоў хлопчык. Ранец за плячыма, караткаватыя рукавы паліто, абутак, аблеплены снегам.

— Мальчык, гдзе тут школа?

— А вось, — паказаў ён рукою на стары, яўна яшчэ польскага часу, драўляны будынак удалечыні.

— А кацельная там есть?

— Ёсць.

Хлопчык пайшоў далей.

Праз нейкі час я абярнулася. Наст адбіваў святло і сляпіў вочы. Па раскатанай пустой дарозе ішоў хлопчык на свой хутар.

А вось. Ёсць.

Авось ёсць яшчэ надзея.

Мы з Вінцэнтам пайшлі грэцца.

Паласатыя каты ў палоску, плямістыя каты ў плямы сядзелі на штакецінах платоў. Яны маўчалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0