Завершана расследаванне забойства былога члена ЦВК Святланы Хіневіч. Жанчына з’яўлялася таксама начальнікам аддзела кадраў ААТ «Крышталь».

Жанчыну знайшлі забітай у жніўні 2013 у сваёй кватэры. На яе целе было мноства колата-рэзаных раненняў. Па падазрэнні ў забойстве затрымалі суседа Хіневіч, наркамана, 1978 года нараджэння. Яго знайшлі ў суседняй кватэры ў непрытомным стане з мноствамі ранаў — спрабаваў скончыць жыццё самагубствам.

«Цяпер па гэтай крымінальнай справе праведзены ўсе прадугледжаныя законам следчыя дзеянні, атрыманы і прааналізаваны вынікі ўсіх экспертыз. Устаноўлена, што абвінавачаны, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення і пад уздзеяннем псіхатропных рэчываў, дзейнічаў з намерам на супрацьпраўнае пазбаўленне жыцця і нанёс пацярпелай нажом не менш за дваццаць удараў у жыццёва важныя органы», — паведаміў прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Аляксандр Герасімаў.

Мінчука абвінавачваюць у забойстве, здзейсненым з асаблівай жорсткасцю, з хуліганскіх памкненняў. За гэта прадугледжана пакаранне ажно да расстрэлу.

Акрамя таго, мужчыну вінавацяць у незаконным набыцці, захоўванні і перавозцы псіхатропных рэчываў.

Па словах Герасімава, забойства не звязана з прафесійнай альбо грамадскай дзейнасцю Святланы Хіневіч, а насіла выключна бытавы характар.

Справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.

***

Святлана Хіневіч нарадзілася ў 1959 у Мінску. Скончыла БДУ. У снежні 2011 стала членам Цэнтрвыбаркама. На той момант яна была начальнікам упраўлення кадраў і ідэалагічнай працы Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. У апошні час працавала на «Мінск Крышталі». Развадная. Засталіся сын і дачка, якая жыве ў Балгарыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?