На пазачарговым пасяджэнні Сената ЕГУ 6 лютага частка выкладчыкаў прапанавала рэктару Анатолю Міхайлаву сысці ў адстаўку. Сенат выказаў недавер прарэктарам Бернардасу Гайлюсу і Аляксандру Каўбаску.

«Сітуацыя крызісу ў нашым універсітэце дасягнула свайго піку. Сёння фактычна гаворка ідзе пра тое, што гэты калектыў руйнуецца, руйнуецца атмасфера даверу, вальнадумства, сумеснага пошуку ісціны. Драматычным увасабленнем крызісу сталі адносіны адміністрацыі з беларускай акадэмічнай супольнасцю ў асобе Сената, якія па сутнасці зайшлі ў тупік. Магчыма, самым мудрым у гэтай сітуацыі было б вяртанне да вытокаў. Ваша вяртанне ў акадэмічны калектыў — ад якога вы вольна або мімаволі дыстанцыяваліся — у якасці прызнанага навуковага аўтарытэту і ідэйнага натхняльніка.

Мы зьвяртаемся да Вас з просьбай прыняць самастойнае і адказнае рашэнне аб ганаровай адстаўцы», — гаворыцца ў адкрытым лісьце на адрас Міхайлава.

Выкладчыкі таксама выказалі вотум недаверу прарэктару па адміністраванні і інфраструктуры Бернардасу Гайлюсу і прарэктару па акадэмічных пытаннях Аляксандру Каўбаску.

Аўтары заявы просяць Кіраўнічую раду і Раду суўладальнікаў (GAPO) увесьці ў ЕГУ антыкрызіснае кіраванне.

5 лютага Бернардас Гайлюс падпісаў загад пра звальненне старшыні Сената прафесара Паўла Церашковіча.

«Звальненне старшыні Сената з'яўляецца адкрыта рэпрэсіўнай мерай супраць нязручнага актывіста і актам запалохвання акадэмічнай супольнасці. Мы патрабуем скасаваць загад пра звальненне Паўла Церашковіча, бо яно абражае акадэмічную супольнасць і публічна дыскрэдытуе Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт», — адзначаецца ў лісце ў абарону Паўла Церашковіча.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?