Кіраўнік Беларускага саюза афіцэраў генерал-лейтэнант у адстаўцы Яўген Мікульчык абураны стаўленнем чыноўнікаў да людзей, якое яму давялося адчуць на сабе.
На прэс-канферэнцыі 6 лютага Мікульчык, кіраўнік арганізацыі, якая поўнасцю падтрымлівае курс прэзідэнта і ўрада, заявіў, што неабходна «вельмі добра выхоўваць кіраўнікоў паважліваму стаўленню да чалавека, да любога чалавека». «Нам трэба вучыць нашы кадры — і ваенныя, і іншыя кадры, якія працуюць з людзьмі, дабрыні, прыстойнасці», — сказаў ён.
«Чаго варта? Тэлефануеш камусьці з Адміністрацыі прэзідэнта ці іншаму начальніку, а ён заняты, ён заняты — і так увесь дзень ён заняты.
Сакратарка адказвае. Дык запішы і патэлефануй адтуль. Гэта ж людзі звяртаюцца па нейкіх пытаннях», — абураны кіраўнік БСА.
«Гэта ёсць і ў нашых газетах», — сказаў Мікульчык і ў якасці прыкладу паведаміў пра свае беспаспяховыя спробы звязацца з галоўнымі рэдактарамі трох вядучых дзяржаўных газет.