Праз свае крыніцы ў здымачнай групе «Наша Ніва» даведалася, што на галоўную жаночую ролю ў фільме «Авель» запрошана актрыса Шэран Стоўн.

Гэта зорка «Асноўнага інстынкту», «Казіно» і «Зламаных кветак».

Менавіта яна і стане той самай зоркай класа А, прысутнасць якой была абавязковай умовай для нацыянальнага кінапраекта. За некалькі здымачных дзён актрысе прапануюць трохі болей за паўмільёна даляраў. Кантракт яшчэ не падпісаны.

Прадзюсар фільма Сяргей Ждановіч пакуль ухіляецца ад дакладнага адказу.

«У нас яшчэ не абрана актрыса. Ёсць некалькі кандыдатур, іх можна ўбачыць у нашым фэйсбуку. — кажа Ждановіч. — Каго з кандыдатаў мы абярэм, стане ясна пасля маёй паездкі ў Лос-Анджэлес. Уся астатняя інфармацыя — гэта здагадкі».

Варта сказаць, што Шэран Стоўн іменавалася на Оскар за ролю ў «Казіно» Марціна Скарсэзэ. Аднак апошнім часа кар’ера 56-гадовай актрысы пайшла на спад. У 2007 годзе Шэран Стоўн атрымала «Залатую маліну» як «Найгоршая актрыса года», засвяцілася ў расійскім фільме «Каханне ў вялікім горадзе — 3».

Паводле нашай інфармацыі, Шэран Стоўн хочуць аддаць ролю амерыканскай журналісткі Сары, якая едзе ў Беларусь каб папярэдзіць некалькі гучных злачынстваў.

Магчыма, угаварыць галівудскіх акцёраў зняцца ў фільме будзе няпроста. Рэч у тым, што ў сцэнары стужкі праводзіцца лінія на апраўданне аўтарытарных дыктатур, а Аляксандр Лукашэнка мае рэпутацыю апошняга дыктатара Еўропы. А многія галівудскія акцёры дбаюць пра чысціню рэпутацыі.

Пачаткова на ролю Сары планавалі запрасіць Мілу Ёвавіч, аднак яна запытала такі ганарар, які стваральнікі «Авеля» не змаглі сабе дазволіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?