На міжнароднай кніжнай выставе, што зараз праходзіць у Мінску, адной з асноўных падзеяў стала прэзентацыя кнігі Святланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд». Прэзентацыя мусіла адбыцца на стэндзе «Белкнігі».
Рэч у тым, што вышэйузгаданы стэнд – невялікі лабірынт, які сканчваецца пакойчыкам болей чым сціплых памераў. Аматараў Алексіевіч прыйшло шмат — а трапіць унутр, да пісьменніцы, змаглі літаральна трыццаць чалавек.
«Асцярожна, зараз выдушыце шкло ў стэндзе», — раз-пораз гучыць у цісканіне. – «Гэта яны спецыяльна зрабілі, каб мала хто трапіў», — крычаць людзі.
У выніку чарга расцягваецца на некалькі метраў, яе хвост знаходзіцца ў праходзе паміж стэндамі. Пачуць нешта папросту немагчыма. Алексіевіч з цяжкасцю прабіраецца на сваё месца, і прэзентацыя пачынаецца. Адначасова ў цэнтры «Белэкспа» пачынае выступаць ансамбль народнай песні і танцаў.
Некаторыя прыхільнікі спадарыні Святланы адпраўляюцца на другі паверх, аднак гэта не дапамагае — мікрафон у пісьменніцы слабы. Да хваста чаргі падыходзяць рэдактары «Звязды» і «Савецкай Белорусіі» Алесь Карлюкевіч і Павел Якубовіч.
«Тут што, у парадку жывой чаргі?» — цікавіцца Якубовіч. Яму адказваюць, што не — тут каму як пашанцуе. Адначасова на другім паверсе можна ўбачыць паўпустую вялікую залу, дзе праходзіць канферэнцыя па сямейных каштоўнасцях, у межах якой нехта спявае расейскую народную песню «Валёнкі».
Тым не менш, прыхільнікі Алексівіч не разыходзяцца ў спадзяванні атрымаць аўтограф пасля прэзентацыі — чорна-зялёны том «Час сэканд-хэнд» і перавыданне старых кніг Алексіевіч сёлета карыстаюцца вялікім попытам.