У кожным вялікім еўрапейскім горадзе існуе старая частка, якая з’яўляецца цэнтрам культурнага і турыстычнага жыцця. Яна цалкам або часткова закрытая для грамадскага і асабістага транспарту.

У маі 2012 года пешаходная зона была ўпершыню адкрыта і ў Мінску. Яна займала частку вуліцы Карла Маркса.

З мая да верасня на пешаходнай зоне (праўда, толькі на выходных) выступалі музыканты, танцоры, акрабаты і фокуснікі.

У групе «Мінск. Карла Маркса» на сайце Укантакце.ру пачалося планаванне новага сезону. Некаторыя музычныя гурты ўжо абвясцілі пра жаданне выступіць у пэўныя дні.

Але сёлета ўлада вырашыла адмовіцца ад арганізацыі пешаходнай зоны на Маркса.

Пра гэта агенцтву «Мінск-Навіны» паведаміла Віталіна Рудзікава, першая намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама.

Можна меркаваць, што на такое рашэнне паўплывалі дзве акалічнасці. Па-першае, скаргі жыхароў вуліцы Карла Маркса, якім неаднаразова перашкаджаў шум ад выступленняў. Па-другое, чэмпіянат свету па хакею.

Плануецца, што заўзятары будуць адпачываць на тэрыторыі Верхняга горада, якая сёлета аб’яўлены зонай гасціннасці. Менавіта на пляцоўцы перад гарадской ратушай, а таксама на прылеглых вуліцах адбудуцца імпрэзы, папярэдне запланаваныя на Карла Маркса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?