Пасьля прымусовай начоўкі ў ізалятары часовага ўтрыманьня Анжаліку Борыс чакаў суд. Было відавочна, што з прыгожай маладой жанчынай, якая карыстаецца вялікай павагай у суседняй Польшчы, дома ў Горадні цырымоніцца не зьбіраюцца. Аднак у рэшце рэшт яе адпусьцілі, даўшы 460 тысяч рублёў штрафу з клясічнай фармулёўкай — «за дробнае хуліганства, нецэнзурную лаянку». Гэта адбылося ў Ленініскім судзе.

Што ж здарылася з Анжалікай Борыс? Яна сама прыехала ў Ленінскі райаддзел міліцыі, каб паспрабаваць абараніць Ігара Банцара, яе калегу па Саюзу палякаў. Ён апынуўся ў ліку гарадзенскіх актывістаў, якія трапілі пад міліцэйскі «хапун» напярэдадні Эўрапейскага маршу, што мае адбыцца ў сталіцы. Ігара, дарэчы, затрымліваюць ня першы раз і ўвесь час — перад выбарамі або нейкімі мерапрыемствамі апазыцыі.

Міліцыянтам у пастарунку не спадабалася сьмеласьць і рашучасьць спадарыні Борыс, яны вырашылі і яе засадзіць, склалі пратакол — такі ж самы, як у Банцара ды іншых актывістаў. Пра затрыманьне стала вядома польскім дыпляматам, а затым уладам Польшчы. У пастарунак прыбыў спачатку дзяжурны консул генконсульства РП у Горадні, а затым і сам кіраўнік гэтай установы Анджэй Крэнтоўскі.

Праўда, яму зь цяжкасьцю ўдалося трапіць унутр, міліцыянты не жадалі пускаць да сябе замежнага дыплямата. Па ягоных словах, ён знаходзіўся ў пастарунку амаль да поўначы, пакуль Анжаліку Борыс не забралі ў ізалятар. Да гэтага часу ўжо зьявілася заява Міністэрства замежных справаў Польшчы з пратэстам супраць затрыманьня Борыс і Банцара.

Судовы разбор на наступны дзень зацягнуўся, але ў рэшце рэшт Анжаліку Борыс выпусьцілі. Мы пацікавіліся, ці няма ў яе адчуваньня, што затое «адыграліся» на Ігары Банцары, пасадзіўшы яго на дзесяць сутак? Тым больш, калі ўлічыць, што яшчэ аднаму затрыманаму — Міколу Лемяноўскаму з партыі БНФ далі ўдвая менш — пяць сутак. Борыс адказала: так, у яе засталося ўражаньне, што Ігару па сутнасьці адпомсьцілі. Яна зазначае, што ёй асабіста дапамагла падтрымка Польшчы, бяз гэтага прысуд мог быць горшым.

Мы таксама пацікавіліся: што было ў камэры Ленінскага ізалятару? Анжаліка Борыс адказала: халодна, смуродна, брудна, ляжаць трэба было на голых дошках, коўдры не было, і яна ня здолела заснуць усю ноч. І яшчэ жанчына дадала: міліцыянты ставіліся да яе непрыхільна. Толькі за тое, што яна сьмела прыйшла ў «дзяжурку» і не пабаялася заступіцца за Ігара Банцара, які, дарэчы, займаецца рэдагаваньнем часопіса на польскай мове «Magazyn Polski na uchodzstwie».

Алесь Кавалёў, BulletinOnline.org

Глядзі яшчэ:
Фотарэпартаж з суду над Анжалікай Борыс
Суд над палякамі
Сёньня мы ўсе палякі
У машыну Анжалікі Борыс падкінулі наркотыкі
Анжаліка Борыс атрымала ўзнагароду Сусьветнай арганізацыі польскіх газэт

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0