Адміністрацыя Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта выступіла з адкрытай заявай наконт апошніх падзей ва ўніверсітэце.

«Нашыя выкладчыкі прасілі нас увесці доўгатэрміновыя
працоўныя дамовы, і мы згаджаемся, што асноўны выкладчыцкі склад павінен быць працаўладкаваны на іх аснове.

Каб заключыць такія дамовы, закон патрабуе правесці адкрыты конкурс. Каб паспець падпісаць дамовы своечасова да пачатку наступнага навучальнага года, мы пераходзім да арганізацыі адкрытага конкурсу. Нашае рашэнне падтрымана Кіраўнічай радай і адпавядае Статуту Універсітэта і законам Літвы.

Новыя вакансіі будуць аб’яўленыя неўзабаве. Мы будзем выкарыстоўваць крытэры адбору, зацверджаныя Сенатам у 2010 годзе — настолькі, наколькі яны адпавядаюць літоўскім законам, а Сенат будзе мець права намінаваць двух знешніх навукоўцаў у Конкурсную камісію.

На жаль, група выкладчыкаў выкарыстоўвала свае пасады ў Сенаце, каб перашкодзіць арганізацыі адкрытага конкурсу.

Мы, адміністрацыя, шматкротна прасілі Сенат зрабіць унёсак у гэты працэс і хацелі б абмеркаваць пункты непаразумення. Нашыя прапановы абмеркаваць непаразуменні былі збольшага непачутымі.

Чыненне перашкодаў суправаджалася адкрытым ачарненнем кіраўніцтва і кіруючых органаў Універсітэта; скажэннем палітыкі Універсітэта, у тым ліку неабгрунтаванымі публічнымі абвінавачваннямі, быццам бы Універсітэт мае намер звольніць і дыскрымінуе беларускіх выкладчыкаў; патрабаваннямі, каб з некаторымі выкладчыкамі былі заключаныя доўгатэрміновыя працоўныя дамовы без конкурсу; ультыматумамі кіруючым органам Універсітэта і пагрозамі арганізацыяй незаконных страйкаў, зрывам набору студэнтаў і адносінаў са стэйкхолдэрамі і донарамі; нагнятаннем страху і маніпуляваннем студэнтамі.

 Адміністрацыя прымае захады для забеспячэння неперапыннасці навучальнага працэсу нашых студэнтаў, што ёсць нашым галоўным клопатам.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт па-ранейшаму цалкам прытрымліваецца акадэмічных свабодаў, у тым ліку і свабоды выказваць нязгоду з рашэннямі адміністрацыі. Аднак усе, хто працуе ва Універсітэце, таксама маюць абавязак паводзіць сябе правамерна і этычна і ў першую чаргу адказна дбаць пра інтарэсы студэнтаў.

Мы верым, што многія нашыя выкладчыкі будуць цудоўнымі кандыдатамі на новыя пасады. Мы таксама верым, што нашыя найлепшыя выкладчыкі разумеюць наш калектыўны абавязак дэманстраваць прыхільнасць падвышэнню якасці праз адпаведнасць Універсітэта нацыянальным і міжнародным стандартам і нормам.

Мы перажываем перыяд пэўных выклікаў, але мы ўпэўненыя, што пераможа розум. Ад імя як выкладчыкаў, так і адміністрацыі мы хацелі б запэўніць студэнтаў у нашай адданасці ім. У нас ёсць упэўненасць у будучыні нашага Універсітэта, а таксама падтрымцы нашых донараў і прыхільнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0