В. Солец, Віленск. губ. Лідзк. пав. Ганчарскай вол. Нейкі Язэп Ж. наняў у нашай вёсцы кватэру і абвесьціў сябе знахарам, лечыць ён, націраючы сьпіртам, і ад кожнае хваробы робіць адно і тое ж. Хваліцца, што выганяе рэўматызм, падвей, рожу і др., ды што на ўсю Расею такіх, як ён, знахароў усяго 40 чалавек. Туманіць галаву людзям добра ўмее, а тыя пруць да яго, несучы свае цяжка запрацаваныя капейкі, каторыя шкадуюць на сапраўднага доктара.

С.Сялецкі

М. Івянец, Менск. губ. і пав. Некаторыя тутэйшыя добрыя людзі папрасілі пазваленьне на распрадажу газэт. Вось, цяпер у нашым Івянцы ёсьць газэтчык, каторы прадае газэты; прадаецца і «Наша Ніва». Варта было б і па другіх мястэчках Беларусі завесьці такую прадажу, бо скора павінны газэты многа пісаць цікавага пра выбары ў 4 Гас. Думу і другія справы.

П.М.

«НН». 1911. №11. 17 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0