Аграрна-прамысловаму комплексу Беларусі неабходна сканцэнтравацца на развіцці малочнай вытворчасці, заявіў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч 11 лютага на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў, паведамляе прэс-служба ўрада. 

«Гэтую галіну трэба захоўваць, развіваць і ўсяляк падтрымліваць», — адзначыў Мясніковіч. 

Нягледзячы на тое што сёння малочная прамысловая вытворчасць краіны з'яўляецца рэнтабельнай, Беларусь, паводле слоў прэм'ера, выкарыстоўвае не ўвесь патэнцыял. Патрэбы рынку ў малочнай прадукцыі значна большыя, адзначыў ён, і яны не закрываюцца. Айчынная малочная галіна магла б актывізавацца і заняць вольныя нішы, лічыць Мясніковіч. 

На пасяджэнні быў разгледжаны шэраг праблемных пытанняў, якія тычацца, у тым ліку, невыканання ўстаноўленых параметраў усімі рэгіёнамі, неналежнай адказнасці кадраў сельскагаспадарчай галіны.

«Вынікі кепскія ва ўсіх, — канстатаваў прэм'ер. — І што мяне больш за ўсё непакоіць — гэта нейкі песімізм або нават асуджанасць, якая пачынае з'яўляцца на вёсцы. Гэтага быць не павінна».

Прычым, як адзначыў Мясніковіч, такія настроі сёння назіраюцца нават у гаспадарках, што някепска працуюць. 

Асноўная праблема гэтага, лічыць кіраўнік урада, — недапрацоўка кадраў. У межах пасяджэння прэзідыума Саўміна гэтая праблема ўздымалася неаднаразова. Практычна ўсе кіраўнікі рэгіёнаў канстатавалі — кваліфікаваных спецыялістаў не хапае. Пры гэтым размова ідзе не толькі пра кадры кіравання — праблемы ёсць па ўсёй вертыкалі. Многія аказаліся не гатовы працаваць у новых умовах з улікам уводу і рэканструкцыі малочна-таварных ферм, якія аснашчаюцца сучасным абсталяваннем. 

Мясніковіч выказаўся аб неабходнасці павышэння кваліфікацыі кадраў і адказнасці за невыкананне паказчыкаў і даведзеных заданняў: «Сёння трэба выпрацаваць і зацвердзіць зоны адказнасці, таму што ўгаворы ўжо не дапамагаюць». 

У адпаведнасці з рэспубліканскай праграмай развіцця малочнай галіны на 2010—2015 гады ў Беларусі павінна быць выраблена 10 млн. тон малака, колькасць пагалоўя кароў павінна скласці 1 млн. 600 тыс. «Засталося два гады, а мы маем зусім не тыя паказчыкі», — канстатаваў кіраўнік урада. Гэта пры тым, што толькі за 2011—2013 гады ў сельскую гаспадарку ўкладзена 5 млрд. долараў, з якіх больш за 2 млрд. — у малочна-таварныя фермы. 

Некаторыя адмоўныя тэндэнцыі 2013 года шэраг рэгіёнаў, паводле слоў Мясніковіча, пераносіць у 2014 год. Частка з іх (у першую чаргу Віцебская і Мінская вобласці) пачалі год са зніжэння вытворчасці малака. Ніводная з абласцей не выконвае заданне па прыросце колькасці малочнага статку. Усё гэта не павінна заставацца без увагі, сітуацыя павінна быць выпраўлена, падкрэсліў прэм'ер. 

«На пасяджэнні быў выпрацаваны комплекс дадатковых мер па ўкараненні сучасных тэхналогій кормавытворчасці, павышэнні эканамічнай эфектыўнасці малочнай галіны і племянной справы ў жывёлагадоўлі», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ўрада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?