Нягледзячы на «няпросты міжнародны кантэкст, у цэлым дасягнутыя ў 2013 годзе вынікі спрыялі ўмацаванню знешнепалітычных пазіцый Беларусі, росту яе аўтарытэту на сусветнай арэне». Пра гэта гаворыцца ў аглядзе вынікаў знешняй палітыкі Беларусі і дзейнасці МЗС у 2013 годзе, апублікаваным 12 лютага на сайце знешнепалітычнага ведамства.
Як адзначаецца ў дакуменце, міжнароднае становішча ў мінулым годзе заставалася нестабільным і характарызавалася дынамічнымі геапалітычнымі зменамі.
«Сусветны эканамічны крызіс негатыўна адбіваўся на шэрагу дзяржаў і рэгіёнаў, уключаючы важнейшых гандлёвых партнёраў Беларусі, — гаворыцца ў дакладзе. — У гэтых умовах міжнародная актыўнасць Беларусі была скіраваная на забеспячэнне бяспекі і абарону нацыянальных інтарэсаў, а таксама на садзейнічанне фарміраванню спрыяльных перадумоў для эканамічнага развіцця краіны і павышэння дабрабыту грамадзян».
МЗС таксама ўказвае на «зрухі ў дыялогу Беларусі ў Еўрасаюзам і ЗША», якія «сведчаць пра магчымасць яго пераводу ў канструктыўнае рэчышча».
«Па выніках 2013 года азначыліся пэўныя пазітыўныя зрухі ў справе нармалізацыі і развіцця адносін з ЕС, — сказана ў дакуменце. — Значна актывізаваліся кантакты з еўраструктурамі і знешнепалітычнымі ведамствамі краін — членаў ЕС. Паспяхова рэалізоўваліся праекты тэхнічнага супрацоўніцтва».
Важным складнікам узаемадзеяння Беларусі і ЕС у гэтым годзе ў МЗС лічаць перамовы па заключэнні пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. «Працягнуцца намаганні, скіраваныя на зняцце праблемных пытанняў у беларуска-еўрапейскіх адносінах», — гаворыцца ў дакуменце.
Што датычыцца адносін з ЗША, то, як адзначаецца ў аглядзе, «паспяховая рэалізацыя бакамі некаторых праектаў і ініцыятыў дазваляе гаварыць аб тым, што ёсць першыя прадвеснікі пацяплення атмасферы двухбаковага супрацоўніцтва».
«У снежні быў арганізаваны першы за апошнія гады візіт у Беларусь высокапастаўленай дэлегацыі Дзярждэпартамента ЗША. Праведзеныя перамовы выявілі агульнасць пазіцый бакоў па пытаннях, што ўяўляюць ўзаемны інтарэс», — сказана ў дакуменце.
Наконт беларуска-расійскіх адносін адзначаецца, што «інтэнсіўны дыялог на вышэйшым і высокім узроўнях дазволіў выйсці на прынцыповыя дамоўленасці ў розных сферах двухбаковага ўзаемадзеяння».
Акрамя таго, у 2013 годзе Беларусь «працягвала актыўны ўдзел у развіцці еўразійскага інтэграцыйнага праекта, нарошчвала ўзаемадзеянне з краінамі Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы», нагадвае МЗС.
У аглядзе таксама ўказана на працяг актыўнага супрацоўніцтва Беларусі з краінамі СНД, узаемадзеянне з дзяржавамі рэгіёна Афрыкі і Блізкага Усходу, Азіі, Лацінскай Амерыкі.
МЗС падкрэслівае, што Беларусь традыцыйна актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці ААН і яе спецыялізаваных арганізацый і ўстаноў. Акрамя таго, развівалася канструктыўнае садзейнічанне з АБСЕ і яе структурамі. «Захавалася тэндэнцыя на пэўную актывізацыю дыялогу са структурамі Савета Еўропы», — адзначаецца ў аглядзе.
У мінулым годзе асаблівая ўвага ў працы МЗС і замежных устаноў традыцыйна надавалася аказанню консульскай дапамогі беларускім грамадзянам, якія трапілі ў экстрэмальныя сітуацыі за мяжой, гаворыцца ў дакуменце. «Найболей складаныя сітуацыі, вырашэнне якіх патрабавала ад консульскіх службовых асоб асаблівай увагі і комплексу мер, узніклі, у прыватнасці, ва Украіне, Сірыі, Пакістане, Танзаніі, Узбекістане, Абхазіі, Мексіцы, Емене», — паведамляе МЗС.
У аглядзе прыводзіцца статыстыка выдачы беларускіх віз, паводле якой у 2013 годзе было выдадзена 390.122 візы для 426.140 замежных грамадзян і асоб без грамадзянства.