Грамадскі рух «Правы сектар» — радыкальнае крыло Еўрамайдану, што аб'ядноўвае ўкраінскіх нацыяналістаў. Стаўленне да яго неадназначнае як ва Украіне, так і за яе межамі. Адны захапляюцца іх рашучасцю, іншыя асуджаюць радыкальнасць. Але відавочна: Украінская рэвалюцыя не была б такой без падтрымкі «Правага сектару».

Упершыню «Правы сектар» праявіў сябе ў ноч на 30 лістапада 2013 г. Падчас разгону Еўрамайдану нацыяналісты намагаліся адбіваць атакі «Беркута» на студэнтаў. З тае пары «Правы сектар» стаў вялікаю сілаю, галоўная мэта якой — ахова ды абарона пратэстоўцаў.

Асноўныя дзеянні адбываюцца ў Кіеве. Лагічна, што галоўны штаб і пераважная большасць нацыяналістаў знаходзіцца там. Аднак у іншых гарадах утвораныя падраздзелы, якія займаюцца дапамогай мясцовым сотням самаабароны ды зборам цёплай адзежы, ахоўнай экіпіроўкі, гігіенічных прыналежнасцяў і г.д.

«Наша Ніва» завітала да Львоўскага падраздзела «Правага сектару» і паглядзела на арганізацыю яго працы.

Намёт «Правага сектару» стаіць на Львоўскім Еўрамайдане (каля помніка Тарасу Шаўчэнку). Тут прымаюць рэчы, якія прыносяць дОбраахвотнікі на падтрымку нацыяналістаў у Кіеве. Працэс даволі актыўны: пры мне за паўгадзіны запоўнілі ды адправілі дзве машыны.

Ад намёту машыны накіроўваюцца да штаба львоўскага падраздзела, які знаходзіцца ў Аблдзяржадміністрацыі. Туды людзі таксама прыносяць неабходнае на патрэбы «Правага сектару». Загружаны транспарт едзе ў Кіеў.

У сценах Львоўскай АДА знаходзяцца пакой для адпачынку, кухня і медпункт «Правага сектару». Ля ўваходу стаіць ахова.

Там жа размясцілася і кіраўніцтва. Андрэй (на ніжнім фота без маскі), старшыня львоўскага падраздзела «Правага сектару» так кажа пра свае задачы: «Галоўнае зараз – падтрымка Кіева, таму тут мы робім усё магчымае, каб нашы сябры там атрымоўвалі неабходныя рэчы своечасова. Таксама мы разам з сотняю самаабароны займаемся аховай актывістаў Львоўскага Еўрамайдану».

«Мы патрабуем правядзення канстытуцыйнай рэформы, вяртання да Канстытуцыі такога ўзору, які з'яўляецца найбольш прымальным для ўкраінцаў,

– распавядае пра пазіцыі «Правага сектару» Андрэй, – а таксама прыпыненне сілавых дзеянняў, поўную амністыю ды вызваленне палітвязняў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?