Пра гэта паведаміла дачка, дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская.

У чацьвер у Варшаве ва ўзросьце 74 гадоў памёр Зьбігнеў Рамашэўскі, легенда антыкамуністычнага руху, стваральнік падпольнага радыё «Салідарнасьць», шматразовы сэнатар.

Ад выходных Рамашэўскі быў у фармакалягічнай коме, шпіталізаваны. 

Паводле палітыка Вінцука Вячоркі, які ведаў сэнатара асабіста, Рамашэўскі — гэта чалавек, які ўвасабляў пакаленьне вялікіх каштоўнасьцяў:

«Жорсткая навіна, нечаканая для мяне. Здаецца, зусім нядаўна мы бачыліся ў Тбілісі, куды ён разам з жонкай прыехаў назіраць за вельмі складанымі тамтэйшымі выбарамі. Няўрымсьлівы, ён ня мог не пабываць на кіеўскім Майдане, каб натхніць і натхніцца. І вось сэнатара Зьбігнева Рамашэўскага — няма… Гэта быў адзін з волатаў духу, чалавек, які не вагаўся стаць на баку Свабоды і Незалежнасьці і сваёй роднай Польшчы, і іншых народаў. Адзін з тых, хто ствараў Камітэт абароны рабочых у 70-я, адзін з маральных і фактычных лідэраў «Салідарнасьці» — выдатны фізік, ён скарыстаў свае веды для стварэньня падпольнага «Радыё Салідарнасьць»…

Ненавідзеў «рэальполітік». Заўсёды сачыў за падзеямі ў Беларусі, выдатна ў іх разьбіраўся і заўсёды падтрымліваў справу нашай Свабоды і Незалежнасьці, не зважаючы ні на якія каньюнктуры. Шчырае спачуваньне жонцы, спадарыні Зоф’і, дачцэ, спадарыні Агнешцы, усім блізкім і сябрам. Сьветлая памяць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?