«Падарыла дачку на гадавіну»

Андрэй, муж Ганны, дагэтуль знаходзіцца ў шоку. «Яна была абсалютна здаровая, калі яе забралі ў раддом. І нарадзіла абсалютна здаровую дзяўчынку на гадавіну вяселля — мы пабраліся шлюбам якраз 12 студзеня год таму».

Больш падрабязна пра падзеі месячнай даўніны расказвае Дар’я Ганчарэнка, сваячка Андрэя.

«11 студзеня ўвечары ў Ганны адышлі воды. Яна і яе маці выклікалі «хуткую», іх адвезлі ў шосты раддом. Пасля маці з’ехала дадому. Ранкам 12 студзеня Ганна нарадзіла здаровае дзіця. Пасля гэтага яна ні разу не выйшла на сувязь. А ўдзень нам паведамілі, што ў Ганны адкрыўся матачны крывацёк, і яна ўпала ў кому. 15 студзеня яе не стала…»

Версія медыкаў

«Супрацоўнікі бальніцы сказалі, што роды прайшлі добра. Калі праз дзве гадзіны ў Ганны пачаўся крывацёк, адразу выклікалі рэанімацыйную брыгаду на чале з намеснікам галоўнага доктара Уладзімірам Сілявам. Яны зрабілі ці дзве, ці тры аперацыі: спачатку выдалілі рэшткі плацэнты. Гэта не спыніла крывацячэнне, таму Ганне выдалілі матку. Узгадвалі і пра трэцюю аперацыю, казалі нешта пра міёму.

Пасля аперацый стан Ганны не палепшыўся, яе падлучылі да апарата штучнага забеспячэння жыццядзейнасці.

Чамусьці нам пастаянна нагадвалі: «Галоўнае, каб вытрымала сэрца». 14 студзеня ў Ганны спынілася сэрца. Але медыкі нібыта правялі дыфебрыляцыю і запусцілі яго. 15 студзеня, калі Ганны памерла, патлумачылі, што ў яе не вытрымалі ныркі», — кажа Дар’я.

 

«Памерла яшчэ дванаццатага»

Аднак Дар’я і Андрэй не вераць лекарам. Як медыкі маглі праглядзець масіўны крывацёк, што прывяло да комы і летальнага канца?

Дар’я расказвае, што з ёй ананімна падзяліліся акалічнасцямі выпадку з Ганнай: «Ганну, папросту кажучы, не даглядзелі. Хоць яна знаходзілася не ў вельмі добрым стане, яе выкацілі з радавой залы на калідор — адтуль потым парадзіх развозяць па палатах. Відаць, за станам Ганны ніхто не сачыў: якраз ішла перазменка. Схамянуліся праз дзве гадзіны, калі крывастрата дасягнула двух літраў. Менавіта тады ў яе і спынілася сэрца. Сэрцабіццё аднавілі, але на той момант мозг ужо памёр, таму Ганна сканала тады, 12-га».

Крыніца з 8-й бальніцы, дзе Ганна ўлетку ляжала «на захаванні», пацвердзіла «НН» добрае цячэнне яе цяжарнасці. А 12 студзеня ў 6-ты раддом для кансультацыі нібыта быў выкліканы спецыяліст Міністэрства здароўя па гінекалагічных пытаннях, які пасля ўзгадваў, што дактары «праваронілі» крывацёк.

 

«Самі спытайце ў вашай жонкі!»

Дар’я Ганчарэнка ўзгадвае і негатыўны досвед камунікацыі з персаналам бальніцы. «Калі Ганна ўпала ў кому, мы пайшлі да Сілявы. Аднак ён паводзіў сябе абсалютна няветліва, адказаў Андрэю: «Запытайцеся ў свайго дзіцяці і сваёй жонкі самі».

Сям’я Ганны вырашыла давесці справу да канца і знайсці вінаватых у смерці жанчыны і звярнулася да адваката.

Просіць не пакідаць справу і калектыў школы №30 г. Мінска, дзе выкладала Ганна. Менавіта яны ўгаварылі Андрэя пайсці на кантакт са СМІ:

«Для нас гэта важна, бо ў нас працуюць маладыя жанчыны, і яны таксама хочуць нарадзіць дзіця, але пасля выпадку з Ганнай проста страшна».

Малое дзіця забралі да сябе бабуля і дзядуля, бацькі Ганны.

На момант падрыхтоўкі публікацыі ўзяць каментары прадстаўнікоў Міністэрства аховы здароўя і Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама не атрымалася.

Галоўны доктар 6-й клінічнай бальніцы Віктар Гурко, пачуўшы пытанне пра былую пацыентку бальніцы, хутка прамовіў, што не можа нічога каментаваць, і кінуў слухаўку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?