Зееў Бен-Ар'е

«Выказванні прэзідэнта Беларусі на адрас яўрэяў выклікаюць здзіўленне і шкадаванне» — так пракаментаваў пасол Ізраіля ў Беларусі Зееў Бен‑Ар’е ў інтэрв’ю БелаПАН словы Аляксандра Лукашэнкі, што прагучалі 12 кастрычніка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі расійскіх рэгіянальных СМІ.

Падчас прэс‑канферэнцыі прэзідэнт, у прыватнасці, заявіў:

«Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было зайсці! Свінушнік быў! Гэта ў асноўным быў яўрэйскі горад. Ну, вы ведаеце, як яўрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі».

Разам з тым ён зазначыў, што яўрэі, якія жывуць за мяжой, «інвеставалі мільёнаў 60 у эканоміку Беларусі», і запрасіў іх вяртацца ў краіну.

Паводле слоў ізраільскага дыпламата, у выказваннях беларускага прэзідэнта «чуюцца водгукі, як я спадзяваўся, даўно пахаванага гісторыяй адукаванага чалавецтва міфу аб яўрэях неахайных, брудных, з дрэнным пахам, міфу антысеміцкага».

«Такое ўражанне, што Бабруйск быў незалежнай яўрэйскай вотчынай са сваім асобным бюджэтам, а не адным з беларускіх гарадоў, дзе адказнасць за добраўпарадкаванне і сродкі для гэтага былі ў руках афіцыйных уладаў. Дзякуй Богу, што зараз знаходзяць сродкі на добраўпарадкаванне», — сказаў пасол.

Разам з тым ён выказаў пажаданне, каб «беларускія гарады дасягнулі ўзроўню муніцыпальных і наогул сацыяльных служб Ізраіля з яго, скажам, медыцынскім абслугоўваннем, клопатам аб састарэлых і інвалідах, барацьбой з наркотыкамі, алкагалізмам і насіллем у сям’і, аснашчэннем дзіцячых садкоў і школ, хаця прэзідэнт і ўбачыў дзесьці непадстрыжаную траву».

Закрануўшы пытанне аб вяртанні ў краіну яўрэяў, З.Бен‑Ар’е зазначыў, што

«гэта, канешне, справа Беларусі — каго прымаць, а каго не». «Са свайго боку як пасол Ізраіля хачу сказаць, што Дзяржава Ізраіль, з’яўляючыся нацыянальным домам яўрэяў, прымала, прымае і будзе прымаць усіх яўрэяў, якія жадаюць прыехаць да нас, незалежна ад таго, ёсць у іх грошы ці не», — падкрэсліў дыпламат.

Ізраільскі пасол таксама выказаў надзею на тое, «што ў Беларусі, на зямлі якой загінула ад рук нацыстаў і іх дапамагатых ледзь ці не ўся, адна з самых вялікіх у Еўропе яўрэйскіх абшчын, будуць з большай увагай ставіцца да праяў антысемітызму (напрыклад, да нядаўняга апаганення яўрэйскіх магіл у тым жа Бабруйску і надпісам «Бей жыдоў» на доме, дзе знаходзіцца кіраўніцтва яўрэйскай абшчыны ў Слуцку) і ўстрымлівацца ад любых заяў, якія могуць стымуляваць падобныя сумныя з’явы».

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0