Пасля фарміравання новага ўрада ў Украіне Еўрасаюз гатовы прадаставіць Кіеву 20 мільярдаў еўра на правядзенне рэформаў, заявіў кіраўнік камітэта па замежных справах Еўрапейскага парламента Элмар Брок.
«Мне здаецца, што будзе 20 мільярдаў еўра на стале на правядзенне рэформаў, і гэтую падтрымку можна будзе даць неадкладна, для прадухілення дэфолту», — сказаў Брок ў эфіры тэлеканала «1+1».
Еўрадэпутат выказаў надзею, што ва Украіне хутка з'явіцца новы ўрад, які і правядзе патрэбныя рэформы.
«Мы падтрымаем гэты ўрад. Людзям няварта баяцца таго, што адбудзецца дэфолт і не будзе забяспечана правядзенне рэформаў і Украіна застанецца сама, без падтрымкі», — сказаў ён.
Паводле словаў дэпутата, дапамога Еўрасаюза будзе накіравана на «стварэнне лепшых эканамічных умоў для эканамічнай будучыні — каб падрыхтаваць краіну да падпісання Дамовы аб асацыяцыі з ЕС».
20 мільярдаў еўра — гэта $27 мільярдаў, амаль удвая больш, чым Расія прапаноўвала Украіне за адмову ад еўраінтэграцыі.
* * *
МЗС Расіі выклікаў расійскага пасла на Украіне Міхаіла Зурабава ў Маскву для кансультацый. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на сайце ведамства.
Як адзначаецца ў кароткім паведамленні,
рашэнне прынята ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі на Украіне і неабходнасцю ўсебаковага аналізу стану.