* * *
    Шыя мая брудна, бо даўно ня мыта.
    Ножанька зламана, ручанька пабіта
    Хату абабралі, выламалі дзьверы.
    Грошай ні капейкі, вошай да халеры.
    Тэлевізар ляснуў, лісапед прапілі.
    Лазьня дагарае, мабыць, падпалілі.
    Ўсе няшчасьці сьвету ўсьлед бягуць за мною.
    Дочка‑малалетка нагуляла двойню.
    Сына майго зьвезьлі некуды далёка,
    Кажуць, адбывае тэрмін у Глыбокім.
    Жонка другі месяц лечыцца ў бальніцы.
    Няма чаго есьці — зубы на паліцу.
    Няма чаго выпіць, а на сэрцы сьвята —
    У майго суседа здохлі кураняты!

* * *

Што за народ такі — вядома, землякі.
(словы зь песьні ў выкананьні А.Ярмоленкі)
    Звычайна землякоў яднае вакзал у стылі «Маўзалей».
    Паўпляшкі крамнае гарэлкі, размовы — хто жыве спраўней.
    Да вёскі бітая гравійка, вянкі, жалобныя сталы…
    Бацькі, што ладзілі міжсобку ды цераз вуліцу жылі,
    На Тройцу ўжо кірмаш ня справяць,
    Не пачастуюць, як тады —
    Паўсюль крапіўныя гароды ды палыновыя сады.
    Эх, дахі на чатыры скаты! Як хутка родны край зьдзічэў!
    Маю хаціну рабавалі — зямляк цішком праз плот глядзеў.
      * * *
    Сёньня ў нашай хаце сьвята,
    калі ласка ў нашу хату!.
    словы зь песьні ў выкананьні А.Ярмоленкі
      Бацька з раніцы сьпявае, пляскае ў далоні брат,
      На агеньчыку булькоча самагонны апарат!
      Мы чакалі гэта сьвята доўгіх, цяжкіх дзесяць дзён,

      Тацяна Барысік
      А цяпер з жытнёвай бражкі робім моцны самагон.
      Спамінаем час ранейшы, калі ўсё ішло ў расход:
      Карамелькі і павідла, сахарын і штучны мёд.
      І плыве салодкі водар аж за самы небакрай.
      Ты, сусед, ня стой на ганку ды дарэмна не чакай.
      Каля вокнаў не цягайся ды на шыбы не глядзі —
      Нам самім капаць картоплю, мы табе не прададзім!
      Сёньня ў нашай хаце сьвята — рукі прэч ад нашай хаты!
      * * *
      Я глядзеў з аптымізмам наперад,
      Бо хацеў інваліднасьць зрабіць.
      Каб пускалі ў пярэднія дзьверы,
      За сьвятло каб палову плаціць.
      А яны напісалі ў паперы,
      Што мяне шчэ калом не заб’еш,
      Абсьмяялі: ня стукае ў скроні,
      Як заплечнік лісічак нясеш?
      Сівы доктар‑нэўрапатоляг мне сказаў,
      Калі скончыўся МРЭК:
      — Не туды ты лісічкі прыносіў
      І парэчкі цягаў, чалавек.
      Чым я Бога ўгнявіў, адкажыце?
      Чым спалохаў удачы прывід?
      Вольжын Грышка п’янюга ды невук,
      А паглянь — другі год інвалід!
      Круцяць пальцам ля скроні суседзі,
      Надакучыла долю клясьці,
      Хутка семсят, а групы ня далі —
      Ні храна не дабіўся ў жыцьці.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0