Сёньня ў судзе Чыгуначнага раёну Гомелю прадстаўніца афіцыйнай газэты «Гомельская праўда» Алена Аленчанка пагадзілася без судовага разьбіральніцтва надрукаваць абвяржэньне сваёй публікацыі.

З пазовам выступіў грамадзкі актывіст, сябар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леанід Судаленка.

Як напісаў у пазове ў суд спадар Судаленка, у артыкуле «Сваіх дзяцей — за мяжу, чужых — «у барацьбіты за дэмакратыю» (надрукаваны сёлета 2 жніўня), аўтар С.Грушэнка прыпісаў яму «ня толькі амаральныя, але нават і злачынныя дзеяньні».

У артыкуле пісалася, што сябры закрытага ўладамі грамадзкага аб’яднаньня «Грамадзянскія ініцыятывы», сябрам якога быў і Судаленка, заклікалі моладзь, названую газэтай «гарматным мясам», удзельнічаць у антыграмадзкіх мерапрыемствах.

Было напісана, што сын актывіста паехаў на вучобу ў Польшчу паводле праграмы для апазыцыйных актывістаў, хоць у дзейнасьці апазыцыі ўдзелу ня браў.

Спадар Судаленка папярэдне зьвяртаўся ў рэдакцыю газэты — патрабаваў абвергнуць несапраўдныя зьвесткі, але адказу не атрымаў.

Таму Леанід Судаленка і зьвярнуўся ў суд з пазовам пра абарону гонару й годнасьці.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0