Фота Baj.by

Фота Baj.by

Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі адгукнуўся на публікацыю «НН» «Што гаварылі беларускія аналітыкі пра Майдан месяц і два месяцы назад

«Наша Ніва»: Ці згодныя Вы з меркаваннем, што беларускія аналітыкі не змаглі прадказаць падзеі на Майдане?

Аляксандр Класкоўскі: Эксперты не займаюцца прадказаннямі, яны прагназуюць. Разумны эксперт каментуе з некалькімі варыянтамі, то бок ён прагаворвае тэзу, і потым кажа: «Разам з тым, не выключана верагоднасць таго, што…»

Калі казаць пра масіў аналітычных публікацый па ўкраінскай тэме, то трэба іх грунтоўна прааналізаваць. Аўтара ж «Нашай Нівы» падвёў сверб хутчэй адхвастаць тых, хто не праяўляў дастатковага рэвалюцыйнага энтузіязму.

Мае рэфлексіі, звязаныя з Майданам, былі накіраваныя на тое, як спраецыраваць украінскія падзеі на беларускую рэальнасць, які шлях трансфармацыі ці змены ўлады можа быць у Беларусі. І гэта больш важна, чым заўзенне за Майдан. А вось асобныя медыі заляглі ў шчырае заўзенне. І гэта можна зразумець, бо ў Беларусі ўжо 20 гадоў нічога не мяняецца, а хочацца як грамадзянам пераменаў.

Але місія медыяў усяляк інфармаваць спажыўцоў і па магчымасці аналізаваць падзеі, даваць розныя пункты гледжання.

Беларускія аналітыкі па-рознаму давалі свае ацэнкі і прагнозы. Таму тэма ў публікацыі «НН» не была раскрытая ўвогуле. Пастаноўка пытання слушная, але выкананне некарэктнае.

Я ў кожным сваім артыкуле высоўваю не толькі тэзу, але і антытэзу. Некаторыя каментатары пасля пішуць, што мяне трэба прыцягнуць да адказнасці за распальванне поглядаў да скідвання канстытуцыйнага ладу. Мяне засмуціла не тое, што мяне раскрытыкавалі, я даволі самаіранічны чалавек, а тое, што зроблена гэта было неэтычна.

«НН»: У чым цяжкасць і спецыфіка такіх прагнозаў, як гэта было з Майданам?

АК: Я не ўвязваўся ў таталізатар з Майданам. Ёсць дзясяткі, ці нават сотні аналітыкаў ва Украіне і іншых краінах, якія ведаюць сітуацыю значна лепш за мяне. Для айчыннай аналітыкі больш карысна было б замежныя падзеі перакідваць на беларускую рэальнасць. Але нейкіх выразных прагнозаў па развіцці беларускай сітуацыі няма. Нават у тых крытыкаў, што сёння кідаюць камяні ў аналітыкаў.

Добра, давайце паставім пытанне так. Хто сёння здольны напісаць, калі адбудзецца беларуская рэвалюцыя. Пажадана з храналогіяй, з тлумачэннем таго, адкуль возьмецца беларускі аналаг «Правага сектару». Потым у шэсць гадзін вечара пасля вайны мы па костачках разбяром гэты прагноз.

Лёгка быць гледачом, як некаторыя сядзяць з півасікам і чыпсамі ды глядзяць матчы Лігі чэмпіёнаў, гэтак іншыя назіраюць за ўкраінскімі падзеямі. Значна цяжэй іх асэнсоўваць. У нас цяпер дзіцячае спадзяванне на цуд, што ва ўкраінцаў атрымаецца, то і ў нас атрымаецца.

«НН»: Ёсць збітая фраза, што прагнозы справа няўдзячная. Згодныя?

АК: Канечне. Ніхто свайго жыцця спрагназаваць не можа. Калі ж гаворка пра складаныя сацыяльныя арганізмы, то тым болей. Прагназаванне заўжды варыянтнае. Мае працы – гэта журналісцкая аналітыка. У мяне правілы: як мінімум два эксперты ў кожным артыкуле, плюс цытаванне іншых крыніц. Калі мяне пачынаюць папракаць, маўляў, якая пазіцыя Класкоўскага, то я сабой ганаруся, што не накідваю сваё меркаванне.

Адзін з маіх любімых афарызмаў належыць пісьменніку Анатолю Франсу, што «самай рэдкай мужнасцю з’яўляецца мужнасць думкі». Трэба мужнасць, каб трымаць сваю лінію.

Калі вяртацца да ўкраінскіх падзеяў, то задняй датай усе разумныя, пачынаюць паказваць, што ад пачатку былі ва ўсім упэўненыя. Але ж ніхто не мог прадказаць, што Януковіч нагародзіць столькі ўсяго, ніхто не мог прадбачыць той рашучасці і жорсткіх дзеянняў «Правага сектару». У фэйсбуку ж накідваюцца ўсе на палкоўніка Петрушэнку, які выкладае факты, што не такі мірны быў гэты Майдан, прынамсі, неаднародны.

«НН»: Хто ж яны — «беларускія аналітыкі»? Што гэта за каста такая?

АК: На форумах яшчэ пішуць «аналіцегі». Гэта ў нейкай ступені штучнае паняцце. Для форуму аналітыкі – гэта тыя, хто «занадта разумны». І вельмі радуюцца, калі яны аказваюцца не Настрадамусамі. Хаця і Настрадамус накручваў так, што трактаваць можна па-рознаму. Калі казаць без іроніі, то ёсць розныя аналітычныя цэнтры, той жа BISS. Але іх вельмі мала, а некаторыя існуюць толькі на паперы.

Сёння аналітыка не запатрабаваная як след ні кіроўнай элітай, ні альтэрнатывай Лукашэнкі. Нікому асабліва непатрэбная цвярозая аналітыка. Улада не дае базавых умоваў для развіцця аналітыкі, але белай варонай яны становяцца ў незалежным грамадстве. Улада культывуе прапаганду, але і ў апазіцыйных грамадстве гэта таксама ёсць. Перамены ж наблізіць толькі горкая і не заўсёды прыемная аналітыка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?