Сотнік Уладзімір Парасюк, які вечарам 21 лютага паставіў ультыматум Януковічу з патрабаваннем пайсці ў адстаўку, пасля абвяшчэння сёння вечарам, 26 лютага, на Майдане Незалежнасці будучага складу Кабміна выйшаў да мікрафона і заклікаў Майдан не разыходзіцца, пакуль не стабілізуецца сітуацыя ў краіне.

«Я стаяў за сцэнай і чуў вашу рэакцыю на тое, што яны (палітыкі) тут рабілі. Гэта была сапраўдная клаўнада. Некаторыя з тых людзей некалькі дзён таму сказалі, што Майдан павінен разысціся. Але Майдан не разыдзецца. Бо мы будзем тым кантралюючым органам, каб яны ведалі, што калі яны нам здрадзяць, мы прыйдзем да кожнага асабіста і спытаем, за што загінулі нашы хлопцы — героі Украіны», — заявіў сотнік.

«Мы ўсе разумеем: у краіне трэба наводзіць парадак. Краіне патрэбны ўрад. Краіне трэба міністры. Вы паглядзіце, што адбылося: там (у новым складзе Кабінеце міністраў) годныя людзі, але ёсць і нявартыя людзі», - сказаў ён.

«Але, у першую чаргу, нам трэба разумець, што павінен быць жорсткі кантроль на ўсіх узроўнях улады — ад пасялковай да Вярхоўнай. І не даваць ім спуску!» — заявіў Парасюк.

Гэтыя словы людзі бурна падтрымалі.

«Прашу, каб Майдан нікуды не разыходзіўся, пакуль не стабілізуецца сітуацыя ў краіне. Пакуль не будуць выкананы ўсе нашы патрабаванні.

І запомніце, палітыкі: вы слугі народа, таму, калі ласка, служыце нам. А калі вы гэтага не зробіце, тады мы прыйдзем вам на замену», — дадаў ён. Майдан падтрымаў і гэты заклік.

Пазней Парасюк выказаўся з нагоды прызначэння Арсена Авакава в.а. кіраўніка МУС.

«Паважаныя суайчыннікі, шчыра, я не чуў, што Авакаў — міністр унутраных спраў. Я гэтага як грамадзянін Украіны не дапушчу. Мне сумленне не дазволіць. Бо палеглі нашыя браты, і з першых дзён Авакаў павінен быў саджаць усіх запар. Таму я асабіста супраць», — заявіў ён.

«Яны маюць яшчэ цэлую ноч. Хай думаюць, хай вырашаюць.

Ёсць вельмі шмат годных людзей, якія могуць ўзначаліць гэтае міністэрства Таму калі яны нас чуюць, то перад Нябеснай сотняй [так называюць палеглых 18—20 лютага] заўтра міністр павінен быць іншы», — сказаў Парасюк, і людзі яго бурна падтрымалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?