Калі галоўны рэдактар дала заданне адшукаць чалавека, які будзе мяне натхняць, я ўжо ведала героя. А дакладней — гераіню. Лёс і жыццёвая пазіцыя Дар’і Ліс, беларускай журналісткі, што працуе ў інвалідным вазку, сапраўды захапляе. 

Даша, а калі прыйшло ўсведамленне: я не такая, як дзеці навокал? Напэўна, гэта неверагодна цяжка, асабліва – у дзіцячым калектыве, якому не вядома міласэрнасць і дыпламатыя.

Мяне гадавала да чатырох год цудоўная жанчына — мая прабабуля Сцепаніда (мама-настаўніца выйшла на працу, калі мне было дзевяць месяцаў, а бабуля і тата таксама працавалі), так што ў дзіцячы садок я не хадзіла.

Затое ў мяне дома заўжды было шмат сябровак. Было весела і ніхто не ігнорыў мяне з-за хваробы… У першых двух класах школы, памятаю, хлопчыкі заўжды дапамагалі падымаць асадкі ці сшыткі (падняць сама я не магла).

Потым вучылася дома… Па шчырасці, год да 12 я была ўпэўнена: маю хваробу абавязкова навучацца лячыць прасунутыя замежныя лекары — і я змагу танцаваць… Абавязкова! І вось цудоўна памятаю той момант, калі зразумела — не навучацца. Моцна плакала тады — факт.

І менавіта ў падлеткавым узросце (год 11-12) я зусім перастала хадзіць. Знаёмы немец (з нашых, беларускіх немцаў!) перадаў нам з дальнабойшчыкамі спрытную падлеткавую інвалідную каляску (і цукеркі ды адмысловы ліст для мяне!) — доўга не магла звыкнуць да такой тэхнікі. Ігнаравала яе! А потым прывыкла — і было шмат-шмат вылазак-падарожжаў па ваколіцах. З сяброўкамі. Са стрыечным братам Максам. Мы ўвогуле з ім перажылі разам не адну авантуру!

Што дапамагала трымацца: якія кнігі, фільмы, песні, персанажы?

Аднойчы мама падкінула мне кніжку «Повесть о настоящем человеке». Уразіла, але былі і іншыя, больш моцныя кнігі. Пазней зачапіла кніга Рубена Гальега «Белае на чорным», спампаваная з інэту. Я заўжды шмат чытала, гэта ў нас сямейнае. І без музыкі свайго жыцця не ўяўляю… «Тут і цяпер» люблю дэтэктывы, і «Океан Ельзи». Перачытваю Булгакава ды Караткевіча час ад часу. Люблю Алексіевіч, Разанава, Рублеўскую, Хемінгуэя… Люблю вельмі многіх аўтараў, па сутнасці зусім розных.

Дні, што мяне натхняюць… Дом, кава, камін (зімой!), сосны (летам!) сонейка раніцай… Мае блізкія. Сябры, блізкія і далёкія (геаграфічна).

«Старэйшая» пляменніца Маша (малодшую Танюшу пакуль не бачыла — чалавек нарадзіўся сонечным днём 4 лютага!) Дзеці — гэта насамрэч здорава!:) Прыемныя і нечаканыя госці ў нас дома летам і ўзімку… Падарожжы! Мора… Я вельмі люблю мора, Балтыку:) хачу пабачыць іншыя таксама! Парыж… Усё гэта натхняе, помніцца і заўжды пакідае цёплыя згадкі ў галаве ды сэрцы:) 

А ці праўда, што на самой справе людзі з абмежаванымі фізічнымі здольнасцямі на самой справе — такія ж, як і ўсе? Ці ўсё ж такі нечым прынцыпова адрозніваюцца?

А ці праўда, што ўсе амерыканцы тупыя, рускія бясконца бухаюць, а беларусы запужаныя і млявыя? Праўда ў тым, што ўсе людзі — розныя. І калі чалавек — геніяльны праграміст ці проста харошы бухгалтар, то ці варта грамадству яго губляць ТОЛЬКІ з-за спецыфічнага спосабу перамяшчэння ў прасторы? Нелагічна і непрадуктыўна, мне здаецца. Безумоўна, інвалідная каляска — дадатковая праблема ў жыцці. Безумоўна, без падтрымкі сям’і і сяброў людзям бывае нерэальна цяжка справіцца з элементарнымі побытавымі рэчамі. Мы жывем не ў Германіі, Канадзе ці нават Польшчы. Нашы сацыяльныя гарантыі недастаткова добрыя, і хварэць у Беларусі зусім не проста. Для калясачніка адразу ж узнікае 1000 і 1 бар’ер ды бар’ерчык, адразу ж за парогам дома (кватэры). Гэта моцна напружвае. Гэта дадатковы стрэс. І ўсё ж у жыцці любога практычна чалавека знаходзяцца пазітыўныя плюсы. Для балансу.

А калі вы зразумелі, што насамрэч вы такая ж, як і ўсе?

Э, не! Я не такая, як усе. Мае 37 кг вар’яцінак і фішак вытрымае далёка не кожны! Экстраверт. Шалі. Максімалістка. Падчас раблю глупствы не падумаўшы (і доўга потым дастаю сябе і навакольных самаедствам!), падчас вечарам скасоўваю рашэнні, прынятыя раніцай. Я бываю шчаслівай тады, калі ўсё паспяваю і ўсё раблю больш-менш правільна. Добра працую і добра адпачываю.

Што прасцей: адчуваць сваю абранасць ці ведаць, што ты – нічым не адрозніваешся?

Кожны чалавек унікальны! Абраныя — гэта Бетховен, Шагал ці Фрыда Кало… Мне проста хочацца быць сабой. Умець радавацца кожнаму новаму дню. Часцей усміхацца. Падтрымліваць блізкіх ды сяброў. Падарожнічаць. Любіць. Працаваць. Адкрываць для сябе штосьці новае. 

Школа, інстытут, дарослае жыццё – што было самым запамінальным, самым шчаслівым, самым складаным і самым незразумелым?

Школа — самы цікавы і бесклапотны час, напэўна… Самае незразумелае і складанае — атрыманне вышэйшай адукацыі. Я і сёння не разумею, чаму чалавек на інваліднай калясцы з мазгамі, што адэкватна працуюць, не можа атрымаць нармальную вышэйшую адукацыю. З прымяненнем ведаў на практыцы ў нашай краіне ўзнікаюць праблемы не толькі ў калясачнікаў.

Як у вашае жыццё прыйшла беларуская мова? Чаму вы паміж рознымі мовамі выбралі менавіта беларускую? Ці было вам цяжка – напэўна ж, сябры і знаёмыя навокал размаўлялі па-расейску?

Хоць я не змагла паступіць у Лінгвістычны універсітэт (адсутнасць ліфтаў і завочнага французскага аддзялення ў 1999 годзе), мне ўдалося паступіць на факультэт беларускай філалогіі і культуры БДПУ імя М. Танка.

Вучыцца там было не вельмі цікава, але я ўдзячна лёсу ды універу за некаторых цудоўных выкладчыкаў (асабліва светлай памяці Тамару Трыпуціну!) і за сяброўства-знаёмства з Галінай Зыранавай ды Крысцінай Вітушкай. Дзякуючы гэтым дзвюм дзяўчатам я і стала размаўляць па-беларуску не толькі дома. І лаўлю кайф ад прыгажосці нашай мовы. Рускай таксама карыстаюся, безумоўна, але ў асноўным як замежнай. Мова міжнацыянальных зносін, раз ужо адносіны з ангельскай не складваюцца.

Як атрымалася першая кніжка? Раскажыце па кроках: як выспявала упэўненасць, як шукалі выдаведства, як трымалі ў руках, як чакалі водгукаў… Вашыя кніжкі – што гэта для вас?

Калі не лічыць зборнікаў, то маю толькі адну кніжачку вершаў ды прозы «Вясновы джаз». У адзін спякотны летні дзень год шэсць таму да нас завітаў Аляксандр Мілінкевіч… Абсалютна нечакана. Паразмаўлялі. Прапанаваў дапамагчы выдаць мае тэксты кнігай. Было нечакана і вельмі прыемна. Я вельмі паважаю Аляксандра Уладзіміравіча як разумнага ды інтэлігентнага чалавека.

Што дапамагае вам заставацца стопрацэнтнай аптымісткай?

А я далёка не стопрацэнтная аптымістка, на жаль.

Але ж дапамагае, напэўна, перш за ўсё — праца. Яна ў мяне ёсць, і яна ў мяне — любімая. Я — журналіст.

Першы праект-сайт. Ёсць дзве такія цікавыя жанчыны — Галіна Мацюшэнка з Менску ды Ала Шыцікава з Залесся, якія вырашылі стварыць Залескі сацыяльна-дзелавы цэнтр ды правесці ў нас і разам з намі — жыхарамі Залесся! — шэраг вартых праектаў. Пра ўсё гэта распавядае наш абноўлены сайт, хоць пра ўсё распавесці немагчыма Фішка ў тым, што Залессе — знакавае мястэчка. Тут знаходзіцца маёнтак М.К. Агінскага, ёсць версія, што менавіта тут быў напісаны знакаміты «Паланэз развітання з Радзімай». Мястэчка знакавае, але … тут працы непачаты край, асабліва ў сувязі з развіццём аграэкатурызму ды хуткім юбілеем Агінскага.

Ну, а другі — вядомае Радыё Рацыя. З ім мяне пазнаёміў выдавец маёй першай кнігі Павел Мажэйка, за што я яму вельмі-вельмі ўдзячная. Тут пішу фельетоны, больш падобныя на нейкія казачкі жыцця ці эсэ-абразкі…

Аб чым вы марыце? Ці здзейсніцца тое, аб чым марыцца?

Хочаш рассмяшыць Бога, раскажы яму пра свае планы… Але падчас мары здзяйсняюцца самым нечаканым спосабам – праўда!

Даша, скажыце што-небудзь тым мамам, якія знаходзяцца перад цяжкім выбарам: ці нараджаць, ці выхоўваць ў сям’і хворае дзіця? Што можна ім сказаць, каб зрабіць для іх гэты выбар правільным, лёгкім і шчаслівым?

Пакуль я не мама і зусім не ўпэўнена, што змагу ёй стаць. Быць добрай маці — гэта насамрэч складана… Таму пераадрасоўваю пытанне сваёй маме (і самаму надзейнаму ў жыцці свайму сябру).

Мая мама — цудоўны чалавек і філолаг ад Бога. Так атрымалася, што яна раней часу кінула любімую працу, каб падтрымаць мяне пасля складанай, але жыццёва неабходнай аперацыі. Інакш было б цяжка выбрацца і выздаравець. Папраўдзе, я не магу казаць пра маму, а пра тату не сказаць.

З самага дзяцінства бацькі падтрымліваюць мяне з усіх сіл і ставяцца да мяне пры гэтым як да звычайнай дзяўчынкі, цяпер — як да дарослай жанчыны са сваімі поглядамі на жыццё. Ім усё цікава, іх можна падбіць на авантуры, яны класныя суразмоўцы, так што мне з імі пашанцава, спадзяюся, мы і надалей застанемся сябрамі.

Адказ? Усе людзі розныя. Кожны робіць свой выбар. Гэты выбар не можа быць простым, але гэта твой выбар і тваё дзіця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?