Былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч меў шмат комплексаў з дзяцінства, а слухаў толькі старэйшага сына Аляксандра і невядомага, які яму тэлефанаваў. Акрамя таго, экс-дарадца прэзідэнта Ганна Герман лічыць, што менавіта турма зламала Януковіча.

Пра гэта распавяла экс-дарадца прэзідэнта Ганна Герман французскаму выданню Le Monde. У інтэрв'ю яна адзначыла, што «не трэба рабіць з Януковіча д'ябла».

Паводле яе слоў, Януковіч наўрад ці мог сам аддаць загад забіваць людзей на Майдане. Цалкам магчыма, што на экс -прэзідэнта ўплывала трэцяя сіла.

«Кожны раз, калі мы пачыналі чагосьці дамагацца ад яго, званіў тэлефон, і мы павінны былі выйсці з пакоя. Калі мы вярталіся, ён быў ужо зусім іншым», —

распавяла Герман. Герман расказала, што 30 лістапада, калі ў цэнтры Кіева байцы «Беркута» білі студэнтаў, яна спрабавала датэлефанавацца да прэзідэнта Януковіча і ўгаварыць яго асудзіць збіццё. Аднак нічога не атрымалася.

«Я разумела, што калі я сыйду, то ніхто не скажа прэзідэнту праўду. Вакол яго ўсе гаварылі толькі, што ўсё цудоўна», - сказала Герман. Яна таксама дадала, што

Януковіч прыслухоўваўся да свайго старэйшага сына Аляксандра праз пачуццё віны перад ім і яго братам Віктарам, паколькі ён пакінуў іх маці Людмілу.

Яна таксама адзначыла, што ў Януковіча было вельмі шмат комплексаў з дзяцінства, паколькі ён рана апынуўся на вуліцы сярод крыміналу.

«У ягонай асобы былі прыемныя бакі, але і глыбокія комплексы таксама. Усё пачалося яшчэ ў дзяцінстве. Януковіч страціў маці, яго бацька зноў ажаніўся, мачыха вельмі дрэнна да яго ставілася, і ён пайшоў да бабулі. Апынуўся на вуліцы, сярод бандытаў. Трапіў у турму спачатку на год, яшчэ непаўналетнім, потым ужо дарослым, за бойкі. У выніку ён заўсёды марыў разбагацець і ўзяць рэванш», — распавяла Герман.

На думку экс-дарадцы прэзідэнта Украіны, людзі, якія адбывалі пакаранне ў турме, не павінны мець права ўдзельнічаць у палітыцы краіны.

«Турма ламае людзей. Я маю на ўвазе, у тым ліку і Юлію Цімашэнку», — падкрэсліла Герман.

Паводле яе слоў, Цімашэнка і Януковіч ніколі не даруюць адзін аднаму нанесеныя крыўды. Яна ўспомніла,

як у 2005 годзе пасля пяцігадзінных перамоваў з Цімашэнкай аб фарміраванні апазіцыйнай кааліцыі Януковіч сказаў: «Яна такая агідная, што калі б мне прыйшлося яе тр*хнуць, я б не змог».

Яна таксама ўзгадала, калі ўлада ва Украіне пачала пераходзіць толькі ў рукі прэзідэнта Януковіча. «У 2010 годзе мы казалі сабе: трэба ўсё зрабіць вельмі хутка, правесці рэформы, заплюшчыўшы вочы на закон. Тады і пачаўся працэс канцэнтрацыі ўлады ў адных руках», — сказала Герман.

Пры гэтым яна адзначыла, што новая ўлада ва Украіне робіць гэтую ж самую памылку пасля новай рэвалюцыі, калі Януковіча ўжо няма ў краіне. «Я не хацела, каб ён бег з ганьбай, я хацела, каб ён прайграў з годнасцю, каб у яго быў шанец адыграцца. У мяне не атрымалася. Больш я ніколі не змагу яму дапамагчы», — адзначыла Герман.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?