* * *
ня раз задаваў сабе пытаньне
чаму праўда такая слабая
а хлусьня такая моцная
а сёньня падумалася
праўда заўсёды слабая
на гвалт і прымус
і заўсёды моцная
на веру і справядлівасьць
* * *
хлусьня гэта драўляныя салдаты
Урфіна Джуса
бяз сэрца без спагады
не працягвай руку хлусьні
не спрабуй зь ёй паразумецца
бараніся праўдай
*
хлусьня як атрутная жамяра
якая мусіць уджаліць
каб упырснуць сьліну няверы
найлепшая прышчэпка – трымацца свайго
*
у хлусьні кароткія рукі
каб схаваць Каліноўскага
каб прымусіць маўчаць Купалу
каб забраць грамадзянства БНР
у Ларысы Геніюш