Афіцыйная Варшава лічыць, што пагадненне 21 лютага парушыў Віктар Януковіч. Пры гэтым МЗС РФ працягвае заяўляць пра радыкал-экстрэмістаў.

Пазіцыю Польшчы агучыў кіраўнік МЗС Радаслаў Сікорскі, паведамляе Інтэрфакс-Украіна.

«На падставе той інфармацыі, якая даходзіць да мяне, я магу сказаць, што спадар Януковіч сам вінаваты, паколькі на працягу 48 гадзін вяртанне да ранейшай Канстытуцыі (2004 года - рэд.) мусілі прагаласаваць, што адбылося, і падпісаць, што не адбылося. Такім чынам, Віктар Януковіч парушыў пагадненне», - паведаміў журналістам Сікорскі, які цяпер знаходзіцца з візітам у Іране.

Адначасова МЗС Расіі паведамляе аб тэлефоннай размове міністра Лаўрова з дзяржсакратаром ЗША Джонам Кэры па сітуацыі ва Украіне.

Падчас гэтай размовы расійскі міністр заявіў аб неабходнасці вяртання да пагаднення 21 лютага.

«З расійскага боку была зноў акцэнтаваная настойлівая неабходнасць вяртання сітуацыі ў Кіеве ў прававое поле, выкананне пагаднення ад 21 лютага, уключаючы перш за ўсё спыненне дзеянняў радыкал-экстрэмістаў і прасоўванне нацыянальнай згоды на аснове рэальнага ўліку інтарэсаў усіх палітычных сіл і ўсіх рэгіёнаў Украіны», - сказана ў паведамленні МЗС РФ.

У пятніцу падчас прэс -канферэнцыі ў Растове-на-Доне Віктар Януковіч заявіў, што з'яўляецца легітымным прэзідэнтам.

Ён заявіў, што яго « цынічна падманулі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?