Міша пачуваўся стомленым. Ён пратырчэў у нэце цэлы дзень. Як прачнуўся, дацягнуўся рукою да пляншэту - і пакацілася! Чытаў, пісаў, рэагаваў. У стужку дадавалася навейшая інфармацыя і дэзынфармацыя, усе канфліктавалі і сварыліся. Ды не, можна сказаць, біліся. Вітруальна.

Ну, і Міша біўся. Агрэсыўна, мацерна, упарта. Мачыў гэтых пачвараў. Гэтую навалач. Гэтых «мразей». А чаго яны хацелі? Атрымай, падла!

Гэта было пакруцей за стралялку. Нават за танчыкі. На кожны ягоны комэнт сыпаліся дзясяткі іншых допісаў, ухвалы ды праклёны — і гэта ўсё анлайн, у рэальным часе, тут і цяпер! Сапраўдная вайна.

Міша аргумэнтаваў, а калі словаў ды досьведу бракавала, проста брутальна мачыў апанэнта. Так робяць крутыя палітыкі і тэлевядоўцы, ён гэта бачыў неаднаразова.

Міша зганяў на кухню і сьпехам даеў учорашняю курыцу. І вельмі пашкадаваў, бо пакуль ён адсутнічаў, вораг перайшоў у контрнаступ, засыпаў стужку сваімі бруднымі словамі, сваімі мярзотнымі йдэямі, сваёй неправеранай інфармацыяй і іншай тупасьцю. Давялося мачыць з новымі сіламі. Як калісьці ў акопах пад Сталінградам – «За Родину!» – і мачыць. Добра, што быў выходны, на рабоце давялося б яшчэ імітаваць работу і не было б сапраўднае бойкі - з адрэналінам і разнастайнымі эмоцыямі.

Гэтак было ўдзень. А цяпер ужо позьні вечар. Бойка суцішылася, ваярам трэба заўтра на працу, пайшлі спаць.

Міша падыйшоў да вакна. Быццам бы і Расея, а зімы няма.

Няма гэтае сапраўднае разгульнае рускае зімы, з тройкай, гарэлкай, лазьняй і бабамі. Няма рыпучага сьнегу, зыркіх зораў і завірухі. А тое, што ёсьць - каламутнае неба, нейкая брудна-шэрая імжа, пасмы рудае травы патрушчылі нясьвежы асфальт. Вецер гайдае шкілетападобныя галіны дрэваў, ТЭЦ звыкла дыміць сваім комінам, жыгулі каля пад'езду чакаюць пачатку дачнага сэзону…

- Даже зиму у нас, с…ки, украли, - сказаў Міша ў ваконную шыбу. І ў гэты момант у дзьверы пазванілі.

Два мужчыны ў баявой выкладцы. Удакладнілі Мішава прозьвішча.

- Да, это я. Да, девятнадцать лет. А что такое?

- Ну, что, сынок, готов родину защищать? - запытаўся адзін з вайскоўцаў. Абодва мелі знакі адрозьненьня, але Міша ў іх ня цяміў, не чытаў іх, не адрозьніваў лейтэнанта ад маёра.

- В общем-то, наверно, да, - прамармытаў Міша. Яму было і сорамна ад гэтага свайго няўпэўненага мармытаньня, і неяк ніякавата аж да сухасьці ў роце.

- Тогда поехали. Родина-мать зовёт, - усьміхнуўся другі мужчына з адной вялікай зоркай на пагонах.

- Извините, я… У меня завтра работа, я не могу без уважительной причины…

- Если родина-мать зовет - это самая уважительная причина, - цьвёрда, нават каменна прамовіў адназоркавы. - Быстро, пять минут на сборы. Все необходимое - вещмешок, сухпай, оружие и боеприпасы получишь на складе. Через час - выезд на место дислокации.

На ватных нагах Міша накіраваўся да шафы. Ніяк ня мог знайсьці чыстыя шкарпэткі, корпаўся.

- Одевай чего не жалко. Гражданскую одежду тебе не вернут.

Міша пайшоў у ванную. Мэханічна адкаркаваў цюбік з пастай. Закаркаваў назад. Узяў шчотку і нясьвежы рушнік.

У галаве паланёнай птушкай білася думка пра ўцёкі. З ваннага пакою - праз вакенца? Але яно высока. Як пачнеш караскацца, гэта будзе чуваць.

- Эй, солдат, че застрял там? - пачуўся камандзірскі голас з пакою.

Міша глядзеў на свой хлапечы спалоханы твар у люстэрку, на вочы, шырока расплюшчаныя жахам, на худую курыную шыю і думаў, чамусьці, пра маму. Яна абавязкова зробіць нешта! Яна забярэ яго адтуль. Абавязкова забярэ! Абавязкова…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?