Гісторык, рэлігіязнаўца і палітолаг, прафесар кафедры філасофіі расійскага МГИМО Андрэй Зубаў звольнены з інстытута. Прычынай, магчыма, сталі антываенныя выступы навукоўца, у прыватнасці, яго нядаўні артыкул у газеце «Ведомости».

«Праз загадчыка кафедры філасофіі майму бацьку, Андрэю Зубаву, перададзена, што рэктар МГИМО звальняе яго з інстытута», — напісала ў фэйсбуку яго дачка Ірына Бабрынская.

У суботу, 1 сакавіка, у «Ведомостях» з'явіўся артыкул Андрэя Зубава «Гэта ўжо было». Ён пачынаецца словамі:

«Сябры. Мы на парозе. Мы на парозе не ўключэння новага суб'екта ў склад РФ. Мы на парозе поўнага разбурэння сістэмы міжнародных дамоваў, эканамічнага хаосу і палітычнай дыктатуры. Мы на парозе вайны з нашым найбліжэйшым, братнім народам Украіны, рэзкага пагаршэння адносін з Еўропай і Амерыкай, на парозе халоднай, а, магчыма, і гарачай вайны з імі».

Гісторык аналізуе сітуацыю ў Крыме і ўказвае на агульныя рысы цяперашняга крызісу ў адносінах паміж Расіяй і Украінай і далучэння Аўстрыі да Трэцяга Рэйху ў 1938 годзе.

«Сябры! Нам трэба апамятацца і спыніцца. Нашы палітыкі ўцягваюць наш народ у страшную, жахлівую авантуру. Гістарычны досвед кажа, што нічога не абыдзецца так. Мы не павінныя весціся, як павяліся ў свой час немцы на абяцанкі Гебельса і Гітлера. Дзеля міру ў нашай краіне, дзеля яе сапраўднага адраджэння, дзеля міру і сапраўднай дружалюбнасці на прасторах Расіі гістарычнай, падзеленай цяпер на многія дзяржавы, скажам «не» гэтай вар'яцкай і, галоўнае, зусім непатрэбнай агрэсіі», — напісаў Зубаў.

Андрэй Барысавіч Зубаў (н. 1952) — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры рэлігіязнаўства, філасофіі і дактрынальных дысцыплін Філасофска-багаслоўскага факультэта Расійскага праваслаўнага інстытута св. Іаана Багаслова. прафесар кафедры філасофіі МГІМО, генеральны дырэктар Цэнтра «Царква і Міжнародныя адносіны» МГІМО, член Сінадальнай біблейска-багаслоўскай камісіі і Міжсаборнай прысутнасці РПЦ, адзін з аўтараў Асноў сацыяльнай канцэпцыі РПЦ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?