Насельніцтва Беларусі і юрыдычныя асобы павінны плаціць за прыродны газ «па рэальным кошце», мяркуе генеральны дырэктар ДВА «Белпалівагаз» Леанід Рудзінскі. Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі 4 сакавіка ў Мінску. 

Рудзінскі нагадаў, што з гэтага года цэны індэксуюцца штоквартальна. «1 сакавіка ў нас цана газу за кошт індэксацыі вырасла на 1,8%. Калі газ зручны для спажыўцоў, яны павінны за яго плаціць. Наколькі будуць расці цэны — залежыць ад нашай эканомікі. Наша прадпрыемства будзе прапаноўваць павышэнне звыш індэксацыі», — сказаў Рудзінскі.

Пры гэтым ён адзначыў, што разлікі па павышэнні спецыялісты прадпрыемства будуць рабіць пасля 1 красавіка. «Усё будзе залежаць ад уваходнай цаны на газ, якую ўстановіць Расія. Летась сярэдні кошт па годзе быў 178 долараў за тысячу кубаметраў», — дадаў гендырэктар. 

«У Беларусі — самы танны для насельніцтва газ сярод краін-суседзяў (Расіі і Украіны). За студзень насельніцтва пакрыла толькі 34% затрат газавікоў, па мінулым годзе — 31%», — адзначыў Рудзінскі. 

«Не можа наша эканоміка вытрымаць гэта перакрыжаванае субсідаванне. Стаіць задача з часам ад яго наогул адысці. Цэны будуць расці, і гэта правільна», — лічыць гендырэктар аб'яднання. Паводле слоў Рудзінскага, калі б не было перакрыжаванага субсідавання, юрасобы плацілі б на 15 долараў за тысячу кубаметраў менш. На сёння гэта цана складае 222 долары. 

З 1 студзеня ў Беларусі ўваходная цана на газ для рэальнага сектара эканомікі складае 182 долары за тысячу кубаметраў. 

Як адзначыў Рудзінскі, самы дарагі газ у Швецыі і Італіі: прыкладна 800 долараў за тысячу кубаметраў, у Польшчы — 400, Чэхіі — 500, Літве і Латвіі — 450—600. Для насельніцтва гэтыя цэны яшчэ вышэйшыя. 

Сёння «ідзе праца па падпісанні пагаднення ў межах МС па адзіным энергетычным рынку». «Пуцін і Мядзведзеў сказалі, што выхад на роўнадаходныя цэны будзе крыху адкладзены. Мы не можам пакуль падняць узровень цэн да еўрапейскіх», — заявіў Рудзінскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?