Сёння, 4 сакавіка, дэлегацыя ЗША высокага ўзроўню ўшанавала памяць загінулых герояў Нябеснай Сотні ў Кіеве.

Пасля абеду на барыкады, размешчаныя на вуліцы Інстытуцкай, прыйшлі кіраўнік Дзярждэпартамента ЗША Джон Кэры, пасол Злучаных Штатаў у Кіеве Джэфры Пает і намеснік дзяржсакратара Вікторыя Нуланд.

Яны прынеслі з сабой чырвоныя ружы і лампадкі. У суправаджэнні аховы, прэсы і кіраўнікоў вядучых рэлігійных канфесій Украіны, у прыватнасці патрыярха УПЦ КП Філарэта і кіраўніка УГКЦ Святаслава Шаўчука, амерыканскія палітыкі падышлі да помніка загінулым майданаўцам.

«Дзеці мае, браты мае! Прабачце мяне, што не ўратаваў вас ад кулі снайпера 20 лютага 2014. Слава Украіне!» — такі надпіс выгравіраваны на памятным камені, што ўласнаручна ўстанавіў безназоўны жыхар Кіева ля ўваходу ў станцыю метро «Хрышчацік» на вул. Інстытуцкая.

Кэры усклаў кветкі і некалькі разоў перахрысціўся. Нуланд перад тым, як зрабіць тое ж, пацалавала ружы і паставіла лампадку.

Пастаяўшы некалькі хвілін каля манумента і ўшанаваўшы хвілінай маўчання герояў Нябеснай Сотні, амерыканская дэлегацыя спусцілася яшчэ на некалькі метраў непасрэдна да барыкадаў і там пагутарыла з «майданаўцамі» і прэсай.

Нябеснай Сотняй Майдану называюць палеглых у сутычках за свабоду ў 2014 г. украінцаў. Так у ходзе сутычак да 18 лютага, у асноўным 22 студзеня, загінулі і памерлі ад ран сем чалавек, у тым ліку беларус Міхаіл Жызнеўскі і армянін Сяргей Нігаян (22 студзеня).

У ходзе супрацьстаяння 18—21 лютага загінулі і памерлі ад ран 68 абаронцаў Майдану, у асноўным узброеных лёгкімі шчытамі. У ходзе сутычак загінулі таксама 11 міліцыянераў.

Украінцы апладзіруюць Кэры, Нуланд і Паету

Як гінула Нябесная Сотня Майдану

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?