Вадзім Гігін асудзіў «Нашу Ніву» за аднабаковасць у асвятленні ўкраінскіх падзей
«Нешматлікія СМІ ў свеце змаглі захаваць нейтралітэт, калі пісалі пра падзеі ва Украіне. Да нашага гонару, трэба сказаць, што беларускія СМІ, афіцыйныя і неафіцыйныя, змаглі гэта зрабіць», — заявіў на круглым стале сяброў Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) і афіцыйнага Беларускага саюза журналістаў (БСЖ), прысвечаным сітуацыі ва Украіне, галоўны рэдактар часопіса Адміністрацыі прэзідэнта «Беларуская думка» і вядучы ток-шоу «Пазіцыя» на АНТ Вадзім Гігін.
Круглы стол адбыўся ў Нямецкім адукацыйным цэнтры IBB у Мінску 4 сакавіка.
У той жа час Гігін раскрытыкаваў сайт NN.BY газеты «Наша Ніва» за аднабаковасць у асвятленні ўкраінскіх падзей.
Таксама ён раскрытыкаваў загаловак інфармацыі пра вынік хакейнага матча «Раша, гуд бай! Фінляндыя – Расія – 3:1». На ягоную думку, у гэтым жарце «практычна распальванне русафобіі».
На думку Гігіна, мадэрацыя каментаў на NN.BY з заклікамі да парушэння тэрытарыяльнай цэласнасці краін, агрэсіі, анэксіі, вайны, была няправільным падыходам, бо ў каментарах, якія траплялі на сайт, усё адно праходзілі надзвычай жорсткія, часам даходзіла да нецэнзурнай лаянкі. На думку Гігіна, найлепшым выхадам тут было б закрыць каментары, як тое было зроблена на шэрагу інфармацыйных рэсурсаў.
У сваю чаргу, старшыня БАЖ Жанна Літвіна не пагадзілася з меркаваннем пра «нейтралітэт» дзяржаўных СМІ. Афіцыйныя навіны часцяком падчас украінскага крызісу займаліся замоўчваннем інфармацыі, а калі сюжэты пра кіеўскія падзеі траплялі ў эфір, то дэманстрантаў у Кіеве называлі выключна «радыкаламі» і «правакатарамі», а падзеі апісвалі ў негатыўным святле.
Пры канцы сустрэчы Вадзім Гігін папрасіў ушанаваць хвілінай маўчання памяць народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.
Каментары