Еўрасаюз гатовы выдзеліць Украіне 11 мільярдаў еўра фінансавай дапамогі на працягу бліжэйшых двух гадоў.

Пра гэта заявіў старшыня Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу. Адпаведная заява з'явілася на сайце Еўракамісіі.

Умовай атрымання дапамогі будзе стварэнне кааліцыйнага ўрада, у які павінны ўвайсці прадстаўнікі ўсіх палітычных сілаў, сказаў Барозу.

Напярэдадні экстраннага саміта краін Еўрасаюза Барозу заявіў: «Мы ўсе ведаем, што стаіць на кану. Мы сутыкнуліся з пагрозай не толькі стабільнасці, але нават міру на нашым кантыненце».

Грошы будуць сабраны з розных крыніц: Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, сродкаў Еўракамісіі ды па іншых лініях.

Яшчэ мільярд даляраў выдзяляюць Украіне ЗША. У дадатак, дапамогу нададуць Канада, Японія, Паўднёвая Карэя і асобныя краіны-члены Еўрасаюза.

І, нарэшце, як чакаецца, 15 мільярдаў даляраў Украіна атрымае ў выглядзе максімальна нізка апрацэнтаваных пазык Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банка.

Агульная сума дапамога можа скласці каля 35 мільярдаў даляраў.

Пакеты дапамогі будуць ісці ўзамен за зацверджаную МВФ праграму аздараўлення ўкраінскай эканомікі і палітычныя рэформы, скіраваныя на недапушчэнне карупцыі і забеспячэнне незалежнасці судовай улады.

Такую маштабную, у прапорцыі да ВУП, дапамогу з краін былога СССР раней атрымлівалі толькі дзяржавы Балтыі.

Як чакаецца, Еўрасаюз замарозіць капіталы Віктара Януковіча і яшчэ 15 чыноўнікаў былога рэжыму.

Што да санкцый адносна Расіі ці рэакцыі на Крымскі крызіс, то рашэнне саміта ЕС будзе залежаць ад вынікаў сустрэчы міністраў замежных спраў Будапешцкага мемарандуму, што адбываецца сёння ў Парыжы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?