Расія лезе ва Украіну бараніць «правы рускамоўных». Гэта паставіла рэгіён на мяжу вайны. «Наша Ніва» абзваніла рускамоўных украінцаў, каб яны расказалі, што ж там робіцца ў краіне.

Гарэгін Тарасян, рабочы (Запарожжа)

Трывожна тут, хоць усё ідзе сваім парадкам: крамы працуюць, тралейбусы ездзяць. Усе размовы, вядома, толькі пра адно — нават размова пра надвор’е ператвараецца ў спрэчку пра палітыку і ці будзе вайна.

Данецк, Адэса, Херсон і Крым — адчуванне такое, што губляем… Там «цітушкі», якія не арыентуюцца на мясцовасці і не разумеюць украінскай, вывешваюць сцягі Расіі і захопліваюць ОДА [абласныя дзяржадміністрацыі, аналаг нашых аблвыканкамаў]. Запарожжа і Днепрапятроўск пакуль трымаецца, ля помніка Леніну чалавек па 100—200 збіраецца хіба што.

Шмат хто атрымаў выклік у ваенкаматы. Шмат і добраахвотнікаў, нават і ва Усходняй Украіне…

Думаю так (пакуль што): я не пайду ў ваенкамат (хоць быццам бы я не павінен прызывацца, як бацька траіх дзяцей). Але як дойдзе да дрэннага — адпраўлю сям’ю да бацькоў у Расію і падамся ў добраахвотнікі або партызаны… Спадзяюся, ніколі мне такое рашэнне прымаць не давядзецца.

Мы проста апынуліся на новым вітку, у 1938 годзе. Прапаганда ў Расіі шалёная — сваякі маёй жонкі пасварыліся з ёй! Ім іх дачка кажа: тут усё не так, як вам паказваюць! Яны кажуць: табе, відаць, наркотыкі на Майдане далі і зазамбіравалі.

На фоне рыторыкі з Крамля назіраю ў сваіх знаёмых, раней талерантных і пасіўных, долю агрэсіі: аж да заклікаў «маскалёў — на нажы!». Людзі, якія размаўлялі па-руску, пераходзяць на ўкраінскую. Іншыя, наадварот, крычаць пра Пуціна і патрабуюць скінуць бомбу на Львоў. Раскол грамадства ў Запарожжы, дзе заўжды было ціха, стаў відавочны.

Што тычыцца панікі — быў адзін момант: у апошнія дні супрацьстаяння (да таго, як Януковіч збег), былі чуткі. І ўсе рынуліся ў банкі / банкаматы забіраць грошы, чэргі былі шматгадзінныя. Пасля банкаў народ кінуўся ў крамы за «панічнай торбачкай» (як спявалі «Браты Гадзюкiны» — «40 пачак «Верхавіны», мыла, валёнкі і майка), скуплялі масава соль і крупы. Некаторыя здымалі вялікія сумы грошай і скуплялі бытавую тэхніку, валюту.

Але тых, хто перажыў 90-я, цяперашнія падзеі ўжо не палохаюць…

Аляксандр Тапілаў, дызайнер (Адэса)

У Адэсе ўсё ідзе спакойна: людзі на працу ходзяць, піва п’юць, актыўнасці, апроч палітычных сходак, няма. Цэны падраслі, але гэта ад падзення грыўны. Трошкі крымінальная абстаноўка пагоршала, калі «цітушак» прывозілі, але цяпер іх ужо адвезлі назад.

Я напалову рускі, напалову — яўрэй. Па-ўкраінску я да гэтага часу не гавару, на жаль. Гэта значыць, па ідэі Пуцін увёў войскі для таго, каб выратаваць і мяне.

Адэса яшчэ не так даўно была максімальна праянуковічаўскі горадам. Таму, калі я ў інтэрнэце глядзеў усе гэтыя прарасейскія мітынгі ў Харкаве, Данецку ды іншых усходніх гарадах у суботу, 2 сакавіка, я неяк вызначыўся адразу: заўтра іду на антыпуцінскі мітынг абавязкова. Каб усе яны бачылі: Адэса супраць Пуціна! Адэса супраць уварвання Расіі! Адэса стамілася. Нас было 20 000 чалавек. Я глядзеў на людзей: культурныя, інтэлігентныя, моладзь, старыя, розных нацыянальнасцяў. І ўсе разам крычаць: «Пуцін гэць!»

Мой сябар з Харкава расказвае, што да іх на антымайданаўскі мітынг звезлі людзей з расійскіх памежных вёсак, каб яны стаялі з рускімі сцягамі: змрочныя людзі.

Я не хачу жыць у Расіі. Я хачу жыць ва Украіне!

Макс Таўрычаскі, музыка (Кіеў)

Рускамоўнае насельніцтва ніхто ніколі прыціскаў. У Кіеве кнігі ў метро амаль усе на рускай, большасць газет і часопісаў. На дарозе Львоў-Луцк стаяць помнікі савецкім салдатам, пафарбаваныя свежай фарбай, побач крыжы УПА, свечкі-лампадкі стаяць і ў тых, і ў гэтых.

Я сам родам з Херсона, размаўляю па-руску, разумею па-ўкраінску. Вось вярнуўся з Львова і Луцка, размаўляў там па-руску.

Я не Пуцін, каб ведаць, будзе вайна альбо не. Але мабілізацыя насельніцтва пачалася — людзі самі ідуць у ваенкаматы. А панікі ў краіне няма, усе набаяліся ўжо.

Я спыняю сваю канцэртную дзейнасць на тэрыторыі РФ. Прашу прабачэння ў тых, хто чакаў мае канцэрты ў Ліпецку і Уладзіміры ў сакавіку, але ваша дзяржава і агульная атмасфера, што склалася ў вас вакол Украіны, не пакідаюць мне іншага выбару. 

Ларыса Панамарова, пенсіянерка (Кіеў)

Мы жывём у цэнтры Кіева, на Падоле. У Кіеве цяпер усё спакойна. Была вялікая трывога ў часе Майдану, можа, людзі проста загартаваліся?

Ніякіх прыкмет панікі няма, у крамах і на базарах ёсць усе прадукты, што звычайна. Усе прадпрыемствы і арганізацыі працуюць у звычайным рэжыме. Муж таксама ходзіць на працу.

Ніякага страху ў нас няма. Украінцы маюць такую асаблівасць, што чым больш на іх ціснуць, тым больш яны супраціўляюцца. Таму я спакойная: мы выстаім. А Пуцін, па-мойму, проста шызафрэнік.

Андрэй Білык, гаспадар сеткі крамаў для турыстаў (Львоў)

У горадзе ўсё спакойна, толькі гатэлі стаяць пустыя — няма турыстаў з Расіі. Панікі ў Львове зусім няма — ніхто не верыць, што рускія могуць аж сюды дайсці. Пратэстаў амаль няма — усе хочуць пачаць працаваць урэшце.

Мэр наш звярнуўся да крымчан з падтрымкай. Калі казаць пра «абарону рускамоўных», то 28 працэнтаў львавян — рускія. Не рускамоўныя, а рускія.

Галоўная крыніца даходаў — турызм. Самыя багатыя — масквічы. Навошта нам прыцясняць тых, хто нас корміць? Гэта абсурд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0