У сувязі з разважаньнямі наконт нацыянальнай ды памеснай царквы згадалася мне некаторыя ўражаньні падчас маёй вандроўкі ў Францыі. У цэнтры Парыжу некалькі праваслаўных храмаў розных юрысдыкцый, большая часткай вельмі скромныя.

Сярод іх найбольш выдзяляецца сабор сьвятога Аляксандра Неўскага, які належыць ён да Рускага Экзархату Канстантынопальскага Патрыярхату. Знаходзіцца ён, дарэчы, на вуліцы, якая носіць імя Даву, напалеонаўскага генэрала, камандуючага французкім войскам у вайне супраць Расеі. Коратка скажу, - можа хто ня ведае, - што гэта за юрысдыкцыя такая.

Як вядома ў выніку бальшавіцкага тэрору за мяжой апынулася шмат эмігрантаў з былой Расейскай імпэрыі. Сярод іх і нямала праваслаўных герархаў, якія, зразумела, прыняліся ўладкоўваць царкоўнае жыцьцё. Але вось тут разуменьне, як гэта лепш зрабіць, было рознае. Большасьць праваслаўных аб’ядналася вакол так званай Расейскай Праваслаўнай Царквы За мяжой (РПЦЗ). Але самачыннае стварэньне асобнай юрысдыкцыі шмат каму здавалася некананічным. Тым больш, што ёсьць такое меркаваньне ў праваслаўным сьвеце, што праваслаўныя, якія апынуліся ў дыяспары, а тым больш якія страцілі сувязі са сваёй мітраполіяй, павінны падпарадкоўвацца Ўсяленскаму, г. зн. Канстантынопальскаму патрыярхату.

Такі шлях і выбраў мітрапаліт Еўлогій, які па даручэньню патрыярха Ціхана быў прызначаны ўзначаліць расейскія прыходы ў Заходняй Эўропе. Гэты яго крок быў вельмі адмоўна прыняты з боку РПЦЗ, што раскалола праваслаўных з Расеі на «еўлагіян» і «карлаўчан» (па назьве гораду Карлаўцы ў Сэрбіі, дзе стварылася РПЦЗ). Адпаведна, гэтыя галіны расейскага праваслаўя адметна адрозьніваліся адна ад однай сваімі ідэйнымі прынцыпамі. Пры тым, што і там, і там настальгічныя матывы гралі значную ролю, усё ж калі ў «карлаўчан» арыентацыя была больш на «расейскае праваслаўе», на амаль што кананізаваную абавязковую сувязь праваслаўя з расейскім нацыяналізмам, пры чым менавіта манархічна‑імпэрскага духу, то ў «еўлагіян» — на ўсяленскае праваслаўе, на разуменьне таго простага факту, што ў Царкве няма «ні Эліна, ні Юдэя, а ўсё і ўва ўсім — Хрыстос.» Між іншым ў Парыжу быў створаны Багаслоўскі інстытут, дзе выкладалі і адкуль выйшлі вядомыя філёзафы і багасловы лібэральнага напрамку. Вось такое адкрытае праваслаўе стала вельмі прывабным для мясцовых каранёвых заходняэўрапейцаў. Такім чынам паступова Рускі Экзархат ператвараўся ў фактычна французкі экзархат рускай традыцыі. Усё ў больш і больш прыходах пачалі весьці набажэнства на французкай мове, зьявіліся сьвятары з «мясцовых», якія дрэнна ці зусім і не валодаюць расейскай мовай.

Але прыйшла раптоўна прыйшла сюды такая радасьць, як трэцяя ці, як яшчэ яе называюць, «каўбасная» хваля эміграцыі. Заходняя Эўропа напоўнілася людзьмі, недасьведчанымі ў праваслаўнай веры, але вельмі самаўпэўненымі ў сваіх ўяўленьнях аб Царкве. Яны ня вельмі слухаюць сьвятароў, таму што лічаць сябе больш рускімі, а таму і больш праваслаўнымі. «Рускасьць» для іх галоўны крытэрый праваслаўнасьці, а храм успрымаецца як нейкі расейскі клюб. Пры тым, што лічыцца нармальным ня мець элемэнтарных ведаў аб хрысьціянскай веры. Зразумела, што гэта ідзе наперакор традыцыі як Рускага Экзархата, так і сапраўднага хрысьціянства. Таму пачалося даволі рэзкае разьмежаваньне. І даволі яскрава гэта бачна на прыкладзе сабору на Дару.

У саборы два прыхода адпаведных супрацьлеглых напрамкаў. «Рускія» моляцца на царкоўнаславянскай мове ўверсе, у галоўнай частцы храму. А «французы» — у ніжняй, на француcкай. У Рускім Экзархаце няма абавязковага агульнага каляндарнага стылю, а таму першыя прытрымліваюцца, старога, юліянскага, а другія — новага, грыгарыянскага. І ўсё гэта ідзе адначасова. Было цяжка ўстрымацца і не параўнаць, як ідзе служба там і як там.

Дык вось. Наверсе звычайная для нашых храмаў пампэзнасьць рытуалу і адначасова мітусьня, людзі ўваходзяць і выходзяць, на працягу ўсей службы падаюць запіскі, набываюць сьвечы.

Даволі вялікая частка людзей з любой нагоды выходзяць з храму, каб паразмаўляць, «паабшчацца». Вось так выглядае месца каля ўваходу:

У той жа час праваслаўныя «французы» амаль усе прыходзяць спачатку, падаюць усе запіскі і набываюць патрэбнае для службы перад службай. Потым стаяць і засяроджана моляцца, ўважліва слухаюць. Абрад просты, без пампэзнасьці, але вялікая ўвага на зьмест службы, на чытаньня, на казань. Ніякай мітусьні, і перад уваходам бачым нешта зусім супрацьлеглае:

І гэта ўсё ў адной юрысдыкцыі, нават у межах аднаго храма! Што я хачу гэтым сказаць? Думаю, гэта зразумела. Сама па сабе аўтакефальнасьць не так шмат вырашае. Вырашае тое, які напрамак будзе выбраны. І тое, як людзі навучаны праваслаўнай веры і як яе разумеюць. Аўтакефальнасьць павінна весьці да ўнівэрсальнай памеснасьці, а ня быць сродкам для замацаваньня нацыянальных, дзяржаўных і іншых такога кшталту ідэй. Тое, што ў царкве зараз вельмі моцныя ідэі расейска-імпэрскія ня значыць, што супрацьлеглае ім – ідэі беларуска-незалежныя. Галоўнае, каб Царква была Хрыстовай, а астатняе прыложыцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?