Помнік Каліноўскаму |
Дзень памяці на сьвіслацкай зямлі, радзіме Кастуся і Віктара Каліноўскіх, будзе адзначацца дэмакратычнай супольнасьцю ўжо ў трынаццаты раз.
У праграме Дня памяці малебен ў мясцовым касьцёле, урачыстае ўскладаньне кветак да помнікаў героям паўстаньня Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, наведваньне вёскі Якушоўка, дзе захаваліся парэшткі падмуркаў сядзібы Каліноўскіх, побач зь якой у 1997 годзе актывістамі дэмакратычнага руху быў усталяваны памятны крыж, канцэрт.
На Дзень памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслач штогод зьязджаецца ўсё большая колькасьць людзей. Сьвіслач, адзіны населены пункт у Беларусі, дзе ўсталяваны помнік Кастусю Каліноўскаму. На мясцовых могілках пахаваны старэйшы брат Кастуся Віктар, які лічыцца ідэйным натхняльнікам нацыянальна‑вызвольнага руху ў Беларусі ў другой палове ХІХ ст.
Магіла Віктара Каліноўскага была адшуканая на сьвіслацкіх могілках у 1996 годзе гарадзенскім журналістам Зьміцерам Кісялём і мясцовымі актывістамі дэмакратычнага руху. На магіле быў усталяваны помнік, а месца пахаваньня добраўпарадкавана. З таго часу адзначэньне Дня памяці паўстанцаў у Сьвіслачы сталася традыцыйным.
Усім ахвотным узяць удзел у Дні памяці паўстанцаў 1863 году, які пройдзе ў Cьвіслачы 27 кастрычніка, зьвяртацца на адрас [email protected]
Помнік Кастусю Каліноўскаму у цэнтры Сьвіслачы |
Могілкі, дзе пахаваны старэйшы брат Кастуся Віктар |
Магіла Віктара Каліноўскага |
Памятны крыж у вёсцы Якушоўка, дзе захаваліся парэшткі падмурка сядзібы Каліноўскіх |
Фота Юліі Дарашкевіч