Сітуацыя ў Крыме развіваецца вельмі імкліва, і міжнародная супольнасць павінна тэрмінова дзейнічаць для абароны тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Пра гэта заявіў у эфіры «Грамадскага ТБ» кіраўнік Меджліса крымскіх татараў Рэфат Чубараў.

Рэфат Чубараў, фота Радыё Свабода

Рэфат Чубараў, фота Радыё Свабода

Ён распавёў, што рашэнне Вярхоўнай Рады АРК аб «уваходжанні ў склад Расіі» прымалі вар'яты. «Акрамя таго, што няма закона аб мясцовых рэферэндумах, само рашэнне абсурдна. Яны першым пунктам прынялі рашэнне «ўвайсці» ў склад Расійскай федэрацыі, а другім — выносяць пытанне на рэферэндум», — абурыўся Чубараў.

Ён распавёў, што крымскія татары не прызнаюць і не прызнаюць ніякага рэферэндуму ва ўмовах акупацыі.

«На пасяджэнні Меджліса мы прынялі рашэнне, што любы рэферэндум ва ўмовах адсутнасці законаў ва Украіне, калі на вуліцах перамяшчаюцца ўзброеныя салдаты і баявая тэхніка, ён не можа быць праведзены», — заявіў Чубараў.

«Зараз вельмі важна, каб ужо ў першыя гадзіны мы ўбачылі практычныя крокі ад міжнароднай супольнасці. Сітуацыя імчыцца з шалёнай хуткасцю ў прорву», — дадаў ён.

Кіраўнік Меджліса распавёў, што ў сераду «улады Крыма» сабралі мэраў і кіраўнікоў мясцовых адміністрацый і загадалі рыхтаваць камісіі для правядзення «рэферэндуму». Пры гэтым, кажа Чубараў, паколькі спісы выбаршчыкаў крымскія ўлады атрымаць не могуць, то іх таксама даручылі фармаваць мясцовым уладам. Чубараў назваў такі працэс «выродлівым».

Ён распавёў, што крымскія татары разам з іншымі нацыянальнасцямі спрабуюць захаваць сітуацыю стабільнай і не паддавацца на правакацыі.

«Мы спрабуем максімальна захаваць спакой, не рабіць дзеянняў, якія будуць успрынятыя як агрэсія да войскаў. Бо мы разумеем, што той бок не адмовіўся ад думкі зладзіць шырокамаштабную правакацыю», — распавёў Чубараў.

Ён таксама патлумачыў тэхналогію арганізацыі правакацый «атрадаў самаабароны», сярод якіх шмат замежнікаў, у першую чаргу расійскіх казакоў.

«Яны ўзброеныя, яны ўступаюць у пэўную канфліктную сітуацыю з мясцовым насельніцтвам або з вайскоўцамі ў блакіраваных частках, а потым ужо падцягваюцца вайскоўцы», - распавёў Чубараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?