У дакуменце Дзярждэпартамента «Выдумкі прэзідэнта Пуціна: 10 ілжывых заяў аб сітуацыі ва Украіне», гаворыцца наступнае:

«Тая трактоўка сітуацыі, якую прапануе Расія, імкнучыся апраўдаць свае дзеянні ва Украіне, - гэта тое, чаго свет не бачыў з таго часу, як Дастаеўскі напісаў: «Я згодны, што двойчы два чатыры — цудоўная рэч, але калі ўжо ўсё хваліць, то і двойчы два пяць — чароўная часам штучка».

Ніжэй прыводзяцца дзесяць заяў прэзідэнта Пуціна, пры дапамозе якіх ён спрабуе апраўдаць расійскую агрэсію супраць Украіны. За гэтымі заявамі ідуць факты, якія ігнаруюцца альбо скажаюцца.

1. Пуцін кажа: Расійскія войскі ў Крыме займаюцца выключна тым, што абараняюць расійскую ваенную маёмасць. Не расійскія войскі, а «грамадзянскія групы самаабароны» захапілі інфраструктуру і ваенныя аб'екты ў Крыме.

Факты: Ёсць пераканаўчыя доказы таго, што за добра арганізаванымі антыўкраінскай сіламі ў Крыме стаяць расійскія сілавыя структуры. Хоць байцы гэтых падраздзяленняў апранутыя ў форму без знакаў адрознення, яны ездзяць на машынах з расійскімі ваеннымі нумарамі і адкрыта прадстаўляюцца прадстаўнікам міжнародных сродкаў масавай інфармацыі і ўкраінскім ваенным супрацоўнікамі расійскіх сілавых структур. Больш за тое, гэтыя людзі ўзброеныя сродкамі, якія звычайна недаступныя грамадзянскаму насельніцтву.

2. Пуцін кажа: Дзеянні Расіі не выходзяць за рамкі Дамовы аб сяброўстве паміж Украінай і Расійскай Федэрацыяй ад 1997 года.

Факты: Пагадненне ад 1997 году патрабуе ад Расіі паважаць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Ваенныя дзеянні Расіі ва Украіне, у выніку якіх Расія ўзяла пад свой кантроль Крым, цалкам відавочным чынам парушаюць тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны.

3. Пуцін кажа: Апазіцыя не выканала ўмовы пагаднення ад 21 лютага з былым прэзідэнтам Віктарам Януковічам.

Факты: У пагадненні ад 21 лютага быў выкладзены план, у адпаведнасці з якім Рада павінна была прыняць законапраект, у якім аднаўляецца дзеянне на тэрыторыі Украіны Канстытуцыі 2004 года, г.зн. вяртанне краіны да парламенцкай сістэмы кіравання. У адпаведнасці з палажэннямі гэтага пагаднення Януковіч павінен быў падпісаць адпаведны закон на працягу 24 гадзін і такім чынам урэгуляваць крызіс мірным шляхам. Януковіч адмовіўся выканаць гэтую дамоўленасць. Замест гэтага ён сабраў рэчы і ўцёк, пакінуўшы пасля сябе сведчанні буйнамаштабнай карупцыі.

4. Пуцін кажа: Урад Украіны нелегітымны. Януковіч застаецца законным кіраўніком Украіны.

Факты: 4 сакавіка прэзідэнт Пуцін сам прызнаў, што ў Януковіча «няма палітычнай будучыні». Пасля таго як Януковіч збег з Украіны, нават яго «Партыя Рэгіёнаў» адвярнулася ад яго, прагаласаваўшы за яго адхіленне ад пасады і падтрымаўшы новы ўрад. Новы ўрад Украіны быў зацверджаны дэмакратычна абраным парламентам Украіны - 371 голасам, г.зн. абсалютнай большасцю - больш чым 82 працэнтамі галасоў.

Часовы ўрад Украіны з'яўляецца ўрадам народа. Ён павядзе краіну па шляху да дэмакратычных выбараў, прызначаных на 25 траўня - да выбараў, якія дадуць магчымасць усім украінцам вырашаць лёс сваёй краіны.

5. Пуцін кажа: Гэта гуманітарны крызіс, і сотні тысяч людзей бягуць з Украіны ў Расію ў пошуках прытулку.

Факты: У дадзены момант абсалютна нішто не сведчыць пра гуманітарны крызіс. Нішто таксама не сведчыць пра паток бежанцаў, што бягуць з Украіны ў Расію ў пошуках палітычнага прытулку. Міжнародныя арганізацыі, якія працуюць у краіне, вывучаюць становішча, размаўляючы з украінскімі памежнікамі, якія таксама абвяргаюць гэтую інфармацыю. Незалежныя журналісты, якія назіралі за сітуацыяй на мяжы, таксама нічога не паведамляюць пра які-небудзь паток бежанцаў.

6. Пуцін кажа: Пад пагрозай знаходзяцца этнічныя рускія.

Факты: Калі не лічыць расійскай прэсы і расійскага дзяржаўнага тэлебачання, то не існуе дакладных звестак аб тым, што камусьці з этнічных рускіх нешта пагражае. Новы ўрад Украіны з самага пачатку абвясціў адным з прыярытэтаў падтрыманне міру і прымірэнне.

Аляксандр Турчынаў адмовіўся падпісаць законапраект, які забараняе выкарыстанне рускай мовы ў рэгіёнах. Этнічныя рускія і рускамоўнае насельніцтва падпісваюць петыцыі, у якіх заяўляюць, што не падвяргаюцца якім-небудзь пагрозам. Больш за тое, з моманту стварэння новага ўрада ў Кіеве адноўлена спакойнае становішча. Рэзкага росту злачыннасці не назіраецца, марадзёрства не зафіксавана, палітычныя супернікі не пераследуюцца.

7. Пуцін кажа: Пад пагрозай апынуліся расійскія базы.

Факты: Расійскія вайсковыя аб'екты былі і застаюцца ў поўнай бяспецы, і новы ўрад Украіны абавязаўся выконваць умовы ўсіх існуючых міжнародных пагадненняў, у тым ліку тых, якія датычацца расійскіх баз. Пагрозе з боку расійскіх вайскоўцаў падвяргаюцца ўкраінскія базы ў Крыме.

8. Пуцін кажа: На поўдні і ўсходзе Украіны адбываюцца масавыя напады на цэрквы і сінагогі.

Факты: Рэлігійныя лідары краіны і міжнародныя арганізацыі, якія абараняюць свабоду веравызнання, кажуць пра тое, што выпадкаў нападу на цэрквы не зафіксавана. Лідары ўсіх рэлігійных суполак Украіны, у тым ліку прадстаўнікі Украінскай праваслаўнай царквы, падпарадкаванай Маскоўскай Патрыярхіі, заявілі пра сваю падтрымку новага палітычнага кіраўніцтва, паклікаўшы да нацыянальнага яднання і нармалізацыі сітуацыі. Прадстаўнікі яўрэйскіх суполак з паўднёвых і ўсходніх абласцей Украіны кажуць пра тое, што выпадкаў праявы антысемітызму больш не назіраецца.

9. Пуцін кажа: Кіеў імкнецца дэстабілізаваць сітуацыю ў Крыме.

Факты: Часовы ўрад Украіны праяўляе стрыманасць і імкнецца да дыялогу. Расійскія войскі, аднак, выходзяць за межы сваіх баз, захопліваючы палітычна значныя аб'екты ў Крыме. Украінскі ўрад неадкладна накіраваў у Крым міністра абароны, каб разрадзіць сітуацыю. Пятра Парашэнку, другога эмісара, накіраванага ў Крым для наладжвання дыялогу, не пусцілі ў парламент Крыма.

10. Пуцін кажа: Рада схільная да ўплыву экстрэмістаў і тэрарыстаў.

Факты: Рада - самы прадстаўнічы орган улады ва Украіне. Апошнія заканадаўчыя акты былі прынятыя значнай большасцю галасоў, у тым ліку прадстаўнікоў усходніх рэгіёнаў Украіны. Скрайне правыя ультранацыяналістычныя групы, некаторыя з якіх удзельнічалі ў адкрытых сутыкненнях з сіламі бяспекі падчас пратэстаў на Майдане, у Радзе не прадстаўлены. Нішто не сведчыць пра тое, што ўрад Украіны мае намер праводзіць палітыку дыскрымінацыі. Наадварот, яны публічна заявілі пра адваротнае».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?