У Менскім будаўнічым каледжы №53 ня ведаюць аб працы навучэнак не па спэцыяльнасьці. Пра гэта паведаміў намесьнік дырэктара па вучэбна‑вытворчай працы Віктар Печань.

Паводле яго словаў, навучэнцы праходзяць практыку «толькі ў рамках сваёй прафэсіі». Практыка праходзіць на будаўнічых аб’ектах, вытворчых прадпрыемствах, заводах і фабрыках. Паміж каледжам і прадпрыемствам заключаецца кантракт, практыканты атрымліваюць заробак, пры гэтым набываючы кваліфікацыю. Калі становіцца вядомым, што прадпрыемства накіроўвае навучэнцаў на працу не па прафэсіі, то каледж разрывае ўсе кантакты з гэтай арганізацыяй.

Па словах Віктара Печаня, такія выпадкі недапушчальныя, бо «нашая мэта — навучыць, а не зарабіць грошы». Што дачыцца дзяўчын‑маляроў, якія носяць плітку, то «для іх існуе сьпіс прац, узгодненых з арганізацыяй, у тым ліку падрыхтоўка падмуркаў і сьцяжка».

Аднак навучэнцы каледжу кажуць іншае. Паводле іх, звычайнай практыкай стала разьмеркаваньне першакурсьнікаў на некваліфікаваную, а часам і брудную працу. Прыходзіцца насіць брук і зьбіраць сьмецьце, але інтарэсы навучэнцаў нікога не цікавяць. Камусьці загадваюць цягаць цэглу, а камусьці рабіць кладку, пры гэтым розьніца ў аплаце невялікая. «На плітцы» можна добра зарабіць, таму многія пагаджаюцца на час забыць пра спэцыяльнасьць.

Студэнты скардзяцца, што на працоўных месцах амаль не выконваюцца патрабаваньні тэхнікі бясьпекі, няма ні мантажных паясоў, ні касак, і так працаваць на будоўлі часам проста страшна. Калі сухарэзам‑баўгаркай пілуюць бардзюры, пыл набіваецца ў лёгкія, бо масак не выдаюць. «А майстрам на гэта пляваць, яны пра гэта і размаўляць ня хочуць. Ім галоўнае, каб мы перад прыездам камісіі ўсё сьмецьце папрыбіралі».

Як кажуць студэнты, кіраўніцтва каледжу добра ведае сапраўдны стан практыкі. Яны папрасілі не называць сваіх імёнаў, каб пазьбегнуць непрыемнасьцяў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру