Ілюстратыўнае фота.

Ілюстратыўнае фота.

Гэта прыватны выпадак маладой мінчанкі. Але падобныя гісторыі здараюцца зусім не рэдка. Ані — 26, Мішу — 2 гады і тры месяцы. З мужам яна развялася, калі той пачаў моцна піць. Ужо другі год сама гадуе дзіця (пра гісторыю маладой мамы НН пісала год таму).

«НН»: Сын падрос. Цяпер ён не толькі поўзае, але і бегае. Складана адной з ім спраўляцца?

Аня: Калі параўноўваць з тым, што было год таму, стала цяжэй. Раней у дзіцяці быў начны сон 10-12 гадзін і ўдзень 2-3 гадзіны спаў. Гэтага часу хапала, каб папрацаваць і па дому яшчэ нешта зрабіць. А цяпер днём ён спіць гадзіну, і я працую гэтую гадзіну і яшчэ з 21 да 24.

Усе хатнія справы мы робім разам: мыем, гатуем, прыбіраем. Міша сам імкнецца дапамагаць мне. Цяпер у сына мяняецца характар. Калі раней ён мог чымсьці сам займацца, то цяпер патрабуе маёй увагі: і проста за чытаннем побач з ім не пасядзіш. Але стала значна цікавей. Дзіця добра ідзе на кантакт з іншымі людзьмі, дзякуючы гэтаму мы можам з ім наведваць розныя мерапрыемствы. Некаторыя дзеці не любяць шумныя месцы — сядзяць увесь час на руках у бацькоў. А Міша любіць з усімі кантактаваць.

«НН»: Наведваеце выключна дзіцячыя мерапрыемствы?

Аня: Калі ёсць такія, то так. Бо калі нават там яму не спадабаецца праграма, то ёсць дзеці, з якімі Міша будзе гуляць. Але ходзім і на дарослыя выставы, напрыклад. Сочым за тым, што адбываецца. Бо цэлы дзень прасядзець дома альбо на дзіцячай пляцоўцы — звар’яцець можна.

Двойчы на тыдзень мы наведваем Цэнтр развіцця, у нас былі музычныя заняткі, на маляванне раз на тыдзень ходзім. Штодня недзе бываем.

«НН»: А ў Цэнтры развіцця што дзеці вывучаюць у такім узросце?

Аня: Малююць, танцуюць, вучацца адрозніваць колеры… Па сутнасці, гэтым можа займацца мама, і я займалася. Але дома такая праблема, што нешта пастаянна адцягвае ўвагу дзіцяці. Здаецца, ён сядзіць з табой і слухае што ты яму чытаеш, але ўжо праз імгненне бяжыць гуляць з паравозікам. І такая беганіна, думаю, прыносіць мінімальную карысць. А ў цэнтры ёсць выкладчык, якога Міша слухае. У дадатак, там яшчэ і іншыя дзеці — спрацоўвае калектывізм.

«НН»: Заняткі бясплатныя?

Аня: Канечне не. Я выбрала бюджэтны варыянт — за 360 тысяч на месяц. Нашыя заняткі таннейшыя за сярэднія па Мінску, бо яны праходзяць у дзяржаўным гарадскім інстытуце развіцця адукацыі. І па дамове я буду плаціць гэтую суму цягам усіх дзевяці месяцаў. А ў іншых месцах няма гарантыі, што цана не павысіцца.

«НН»: Не думала ўжо аддаць сына ў дзіцячы садок?

Аня: Хацела адвесці яго ў адаптацыйную групу: меркавала, што гэта такі аналаг садка. Насамрэч на 1-1,5 гадзіны два разы на тыдзень дзіця застаецца з мамай у групе, дзе яшчэ дзесяць дзяцей з бацькамі. І там іх вучаць, напрыклад, ляпіць. Навошта мне гэта, калі Міша ўжо ходзіць у Цэнтр развіцця.

«Калі з’яўляецца нейкі мужчына…»

Аня: У мяне праца памянялася: цяпер я не займаюся той нудотай [Аня вярстала рэкламу на сайце, збірала матэрыялы для артыкулаў — НН]. Мы ходзім на мерапрыемствы, затым я пішу пра іх для дзіцячых сайтаў (у такім разе для нас наведванне бясплатнае), для іх жа пішу артыкулы на «мамскія» тэмы, займаюся копіпастам. Праца ёсць, і такога, каб я гадзіну сядзела і адпачывала, канечне, няма. Дапамагаюць бацькі. Калі яны на дзень забіраюць Мішу, я стараюся выканаць аб’ём працы на тры дні.

«НН»: Былы муж не плаціў аліменты. Вырашылася праблема?

Аня: Быў суд, які абавязаў яго плаціць аліменты, і ён выплаціў, здаецца, адзін раз і знік. Пасля мне тэлефанаваў і бажыўся, што ўсю суму выплаціць. Каб толькі я зноў не звярталася ў суд. А ўсё рабілася для таго, каб ён мог прадаць сваю кватэру, бо праз запазычанасць па аліментах ён гэтага не зрабіў бы. Кватэру прадаў, але мы нічога не атрымалі. Затым тры месяцы плаціў аліменты. Цяпер звольніўся з працы, і мы ніякіх грошай зноў не бачым. Хаця ёсць судовая пастанова, у якой пазначана сума — на 22 кастрычніка ён вінен быў на Мішу 16442209 рублёў і на мяне 2857741 рублёў. Вялікую частку ад заробку ён павінен аддаваць нам: 25% — гэта аліменты, тры базавыя велічыні — на мяне пакуль я ў дэкрэце, яшчэ 20 працэнтаў ад сумы доўгу на Мішу і такую ж частку ад доўгу на мяне — гэта кшталту штрафных санкцый.

«НН»: Як Міша без бацькі расце: адчуваецца, што яму не хапае мужчыны ў сям’і?

Аня: Бачна, што не хапае. Калі з’яўляецца нейкі мужчына — электрык зойдзе ці мой знаёмы — то ён адразу хоча з ім пабавіцца. Цяпер ён скіраваў сваю ўвагу на дзеда — ён для Мішы і сябра, і настаўнік.

«НН»: Колькі складае дапамога на дзіця?

Аня: Па-мойму, 1 900 000 рублёў. Я не помню, бо не трачу гэтыя грошы — пераводжу ў даляры і адкладаю на будучыню Мішы. Я нават не ведаю дакладна, колькі ўжо назбіралася. Не пералічваю, каб не спакушацца. Бо ўзнікае жаданне паехаць адпачыць альбо купіць нешта непатрэбнае.

«НН»: Зарабляеш дастаткова, каб утрымліваць сябе і сына?

Аня: У любым выпадку мне дапамагаюць бацькі. Бо з нашымі цэнамі самой нерэальна на ўсё зарабіць. Харчаванне, адукацыю, выхаванне, забавы я стараюся аплочваць сама. А што тычыцца адзення, мы набываем яго па замежных каталогах альбо бацькі за мяжой пакупаюць на зніжках.

«НН»: Што забірае найбольш грошай з сямейнага бюджэту?

Аня: Раней гэта было адзенне, паколькі Міша імкліва рос да годзіка. Цяпер ён таксама расце, але няма такога скачка. І я стараюся пакупаць крыху на выраст рэчы. Ежу асобна для Мішы я не пакупаю — харчуемся разам.

«Спрабавалі сватаць»

«НН»: За гэты час былы муж не спрабаваў вярнуцца ў сям’ю?

Аня: Былі спробы п’яным голасам па тэлефоне мне патлумачыць, як моцна ён мяне кахае, якая я цудоўная мама і як яму патрэбны сын. Але за гэты час Мішу ён бачыў разы тры па хвілін пяць — калі заходзіў забраць свае рэчы. Думаю, гэтым усё сказана. Ужо і не ўяўляю, як з ім можна жыць.

«НН»: Сын патрабуе да сябе шмат увагі і часу. Асабістае жыццё неяк наладжваеш?

Аня: Пасля разводу я нават пра гэта не думала. Дні так хутка пралятаюць, і ты толькі паспяваеш асэнсаваць, што дзіцяці было паўтара года, як яму ўжо два… За ўвесь час я была на адным дні нараджэння: вярнулася ў 23 гадзіны — кавалераў не было.

Хаця заляцаўся адзін малады чалавек з майго пад’езда. Хлопчык гадоў 23. Спрабаваў усё мяне запрасіць на спатканне, але я адмаўлялася. Затым яго мама абходжвала мяне і пагаворвала, як бы цудоўна было, каб Міша стаў яе ўнукам. Хадзілі ўсё лета за намі. А цяпер і не вітаюцца.

«НН»: У амерыканскіх фільмах адзінокія таты і мамы з дзецьмі выклікаюць да сябе павышаную ўвагу супрацьлеглага полу. У нас не спрацоўвае?

Аня: Нічога падобнага, гэта толькі ў кіно. Хаця можа мы з’яўляемся не ў тых месцах, каб «лавіць на жыўца». Пакуль я такой мэты перад сабой не ставіла. Думаю, нешта можа змяніцца, калі я выйду з адпачынку — кола зносінаў памяняецца і пашырыцца. Усё наладзіцца.

«НН»: За два гады не задумвалася, што хацела б не хлопчыка нарадзіць, а дзяўчынку?

Аня: Не. Мае бацькі і былы муж адзінагалосна хацелі ўнучку і дачку. А для мяне быў важны сам факт, што народзіцца дзіця. Магчыма, як адзінокай маці, мне прасцей было б выхоўваць дзяўчынку. Але я рада, што ў мяне ёсць Міша. Ні разу не пашкадавала, што нарадзіла.

Дапамога на дзяцей да 3 гадоў

на першае дзіця 1 946 300 рублёў у месяц
на другое і наступных 2 224 300
на дзіця-інваліда 2 502 400

Адзінаразовыя выплаты пры нараджэнні

на першае дзіця 11 280 700
на другое і наступных 15 793 000
пры пастаноўцы на ўлік да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці 1 128 100
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?