У Луганску (усходняя Украіна) ўдзельнікі прарасійскага мітынгу ўварваліся ў будынак абласной дзяржаўнай адміністрацыі. З вокнаў 2-га і 3-га паверхаў будынка вывесілі дзяржаўныя сцягі Расіі і Беларусі, а таксама чырвоны сцяг з сярпом і молатам.

У мітынгу ўдзельнічалі каля 3 тыс. чалавек.

Да мітынгоўцаў выйшаў губернатар Міхаіл Балацкіх, аднак ён не змог выступіць з-за няспраўнага гучнамоўніка.

Затым да мітынгоўцаў выйшаў адзін з актывістаў, які заявіў, што ў губернатара няма паўнамоцтваў для таго, каб ініцыяваць мясцовы рэферэндум, аднак такія паўнамоцтвы ў старшыні аблрады Валерыя Галенкі, з якім ён не можа цяпер звязацца.

Пасля гэтага адзін з актывістаў паведаміў, што цяпер губернатар вобласці Балацкіх піша заяву пра адстаўку. Міліцыянты ў поўнай экіпіроўцы цалкам пакінулі будынак, прысутныя сустрэлі іх воклічамі: «Міліцыя з народам».

У Луганску каля 12.00 адначасова пачаліся два мітынгі: мітынг у гонар 200-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі і мітынг прарасійскіх актывістаў.

У мітынгу ў гонар 200-годдзя з дня нараджэння Шаўчэнкі ўзялі ўдзел каля 1 тысячы чалавек. Сярод іх былі прыхільнікі аб'яднання «Бацькаўшчына» і «Свабоды», а таксама жыхары горада, якія падтрымліваюць адзіную Украіну.

На супрацьлеглым баку ў Пілона Славы пачаўся прарасійскі мітынг. Людзі, якія сабраліся трымалі сцягі Расійскай Федэрацыі, а таксама транспаранты «Луганшчына за рэферэндум» і інш.

Каля 12.30 прарасійскія актывісты рушылі праз вуліцу, і сілай выціснулі актывістаў праўкраінскага мітынгу з плошчы. Многія з іх разбегліся.

Потым мітынгоўцы накіраваліся да будынка АДА і спрабавалі зламаць дзверы ў памяшканне. Адзін з мітынгоўцаў прарваўся на дах будынка і пад вітальныя крыкі «Данбас!» і «Расія!» зняў і разарваў дзяржаўны сцяг Украіны, узняўшы замест яго расійскі трыкалор.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?