Кіраўнік Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхата Філарэт выступіў сёння на Народным веча на Майдане.

«Мы святкуем юбілей Шаўчэнкі ў больш чым складаны час для Украіны, — кажа Філарэт. — Увесь свет прызнае, што Расія стала нашым агрэсарам. Да гэтай агрэсіі датычная РПЦ на чале з патрыярхам Кірылам.

Царква не павінна падтрымліваць уладу, якая ходзіць крывымі дарогамі. Гэта шлях хлусні. Расейскія войскі акупавалі Крым. Такая агрэсія — гэта зло і хлусня.

Украіна, як міралюбная дзяржава, аддала сваю ядзерную зброю. Адным з гарантаў тэрытарыяльнай цэласнасці была Расія. І гэты гарант напаў на нашу тэрыторыю.

Расійская прапаганда абвінавачвае ўкраінскі народ у прыгнятаннях расійскамоўнага насельніцтва. Тут можна ўспомніць Гітлера, які перад Другой сусветнай вайной, таксама абараняў немцаў у Аўстрыі, а затым развязаў вайну. Не дай Бог, каб гэтая абарона расійскамоўнага насельніцтва стала пачаткам новай вайны. Мы молімся, каб Гасподзь не дапусціў гэтага.

Наша царква 20 лютага спыніла малітву за злачынную ўладу і на другі дзень Януковіч збег. Бог можа стварыць такія ўмовы, што вораг пабяжыць.

У нас ёсць яшчэ праўдзівыя гаранты — гэта ЗША і Вялікабрытанія, якія не адмаўляюцца ад сваіх абавязкаў. Калі яны не абароняць тэрытарыяльную недатыкальнасць Украіны, хто ім паверыць у будучыні? Хто паверыць у міжнародныя дагаворы?

У першую чаргу мы павінны спадзявацца на саміх сябе. Трэба рабіць усё, каб наша дзяржава была дэмакратычнай і цэлай.

Мы просім Еўрасаюз прыняць Украіну. Спачатку асацыяваным сябрам, а затым пастаянным. Тады ўкраінскі народ будзе ў бяспецы і ніякія ворагі не асмеляцца нападаць на нас».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?