Адзін мой прыяцель набыў прыгожую пляшку «Белавежскай», можна сказаць вымушана. Восеньскае надвор’е вымагае наяўнасьці нейкага моцнага напою, каб не застудзіцца часам, патлумачыў ён. Каньяк падаражэў, а гарэлку мой прыяцель не купляе, лічыць яе плябейскім напоем. Што зробіш…

Майго прыяцеля шмат што задавальняе ў нашай сінявокай рэспубліцы, але адначасова шмат што яму зусім не падабаецца. Яго не задавальняе, што ўлюбёнае чырвонае сухое мае непраўдзівыя кошты. Пра каньяк я ўжо казаў. Дык вось: чаму б сапраўды не падтрымаць заклік і не набыць стопрацэнтова беларускае, што мы не патрыёты?! Пагатоў на «Белавежскай» паведамляецца, што гэта не абы што, а «беларускі нацыянальны выраб»!

Не хвалюйцеся: мне вядома, што «белавежскую» вылегчалі зацятыя патрыёты мовы, яны не адчуваюць смаку такіх словаў, ім здаецца, што трэба змагацца зь літарай «ж» і тады ў нас усё будзе а’кэй. Яны жалезна вырашылі зрабіць з выключэньня — правіла! Аднаго слова «княскі», а ня «княжацкі» — на ўсю мову ім замала, іх гэта не задавальняе. Ім трэба, каб «белавеская» была замест «белавежскай». Штосьці нам дагэтуль не дапамагла такая рашучасьць распаўсюдзіць родную мову ў масах і перамагчы, прынамсі маральна.

Выбачайце за лірычнае адхіленьне ад тэмы. Дык вось: вяртаецца мой прыяцель з прахалодных абдоймаў восені, і налівае сабе ў шклянку для віскі крыху нацыянальнага натурпрадукту. Восень працягваецца, а ён пачынае заўважаць, што сэрца скоча галопам, і нічога ня можа ўцяміць. Але трэба штосьці рабіць, і ён адмаўляецца ад улюбёнай кавы, затым ад гарбаты, а сэрца не рэагуе.

Дзіва дый годзе! І вось тады прыяцель мой пачынае ўзгадваць, калі ён набыў «беларускі нацыянальны выраб» і калі пачаў яго ўжываць… І ён здаўмеўся нарэшце, што прычына можа быць якраз у гэтай самай «Белавежскай», якая зроблена на насеньні кропу і настоі дуброўкі. Няцяжка было пасьля зазірнуць у інтэрнэт і даведацца, што кроп рэзка падвышае ціск і, галоўнае, пульс, а дуброўка, наадварот, ваш ціск зьмяншае. І як вам такая грымучая нацсумесь?

Папярэджаньні на вінных пляшках, што нельга піць, калі цяжарнасьць, калі за кіраўніцай, калі працуеце з мэханізмамі, выклікае бадай усьмешку. Адсутнасьць папярэджаньня на «Белавежскай» усьмешкі не выклікае. Мой прыяцель сказаў, што ніколі больш яе ня купіць, пляваць яму на «беларускае», лепей раскашэліцца на любы каньяк, каб сугрэцца пасьля восеньскай халадэчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?