Палітык Аляксей Навальны заявіў, што не падтрымлівае ўваходжанне Крыма ў склад Расіі. Прыхільнікі апазіцыянера выклалі яго меркаванне наконт сітуацыі ва Украіне ў блогу — самому Навальнаму пад хатнім арыштам забаронена карыстацца інтэрнэтам.

Reuters.com

Reuters.com

Навальны нагадаў, што Расія абавязалася гарантаваць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў абмен на адмову апошняй ад ядзернай зброі, падпісаўшы ў 1994 годзе Будапешцкі мемарандум (які не быў ратыфікаваны). Ён таксама заўважыў, што ў 2005 годзе прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін выступаў супраць перагляду межаў, сфармаваных пасля распаду Савецкага Саюза.

Апазіцыянер дадаў, што ў выпадку далучэння Крыма расійская эканоміка аслабне, а гэта, у сваю чаргу, можа прывесці да жадання некаторых суб'ектаў Федэрацыі выйсці са складу краіны.

«Гэта вялікая стратэгічная памылка, якая выйдзе нашай краіне бокам», — рэзюмаваў Навальны, нагадаўшы, што ў Расіі заклікі да рэферэндуму аб аддзяленні рэгіёну накшталт крымскага падпадаюць пад артыкул Крымінальнага кодэкса аб сепаратызме.

Уваходжанне Крыма ў склад Расіі, падкрэсліў Навальны, прывядзе да пашырэння НАТА, з'яўленню ля расійскіх межаў новых сістэм ПРА і зніжэння ролі міжнародных арганізацый.

У якасці альтэрнатывы палітык прапанаваў захаваць паўвостраў ў складзе Украіны з пашыранай аўтаноміяй, забаронай на абмежаванні ў выкарыстанні расійскай мовы і гарантыямі бясплатнага і бестэрміновага знаходжання Чарнаморскага флоту Расіі ў Крыме. Дадатковай мерай павінны стаць гарантыі таго, што Украіна не ўступіць у НАТА.

Пры гэтым у сваім допісе Навальны робіць выснову, што Расія не будзе далучаць Крым.

« Мы ўбачым класічную пуцінскую гісторыю «два крокі наперад, крок назад», — напісаў палітык, патлумачыўшы, што паўвостраў, хутчэй за ўсё, стане тэрыторыяй, незалежнасць якой прызнаюць толькі Расія і дружалюбныя ёй краіны.

Навальны заклікаў украінцаў не паддавацца на правакацыі і «істэрыку вакол Крыма і нагадаў, што ў іх ёсць шанец пабудаваць еўрапейскую дзяржаву.

Ён дадаў, што імперыялізм шкодзіць інтарэсам Расіі, а расіянам трэба навучыцца кіраваць «той зямлёй, якая ўжо ёсць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?