На што трэба кінуць усе сілы, – гэта на ўтрыманьне веры. Піша Сяргей Будкін.

Шмат знаёмых чакала прэзыдэнцкія выбары. Хай у размовах вялікага аптымізму не выказвалася, але жартачкі кшталту «Калі ўсё зьменіцца, набуду новую мабілу» адпускаліся часта. Прагнасьць зьменаў была куды большая, чым рацыянальнасьць развагаў. Унутры нешта тахкала, і нават розум заклікаў зрабіць стаўкі: усё альбо нічога. Але прайшлі самыя гарачыя дні вясны-2006. Зьніклі ўсьмешкі з твараў самых вясёлых дзяўчат, ніхто ўжо ня кпіць з афіцыёзных лёзунгаў. Шмат каго з маладых апанавала дэпрэсія, нехта са слязьмі на вачох шукае сваіх знаёмых. Кожны кожнаму тэлефануе штохвіліны: «А вы хоць ацалелі там?» Калі адказ станоўчы, другое пытаньне – «Як жыць далей?»

Зь вераю

Можна, канечне, шукаць адукацыйныя праграмы, каб уладкавацца за мяжой (напрыклад, http://edu.euro26.by). Можна працягваць суіснаваць у адной студэнцкай аўдыторыі з бээрэсэмаўцам ці наракаць на былую аднакурсьніцу, якая зрабіла ганебны рэпартаж на БТ. Выбар кожнага. Адзінае, на што трэба кінуць усе сілы, – гэта на ўтрыманьне веры. Той веры, якая кіпела-віравала зусім нядаўна і змушала ісьці на гераічныя ўчынкі кшталту таго, калі студэнты-першакурсьнікі ўладкавалі налепку «Марш свабоды» на дзьверы дэкану.

Неяк Сяргей Дубавец апавядаў, што ў часы маладосьці ён ведаў пайменна ўсіх беларускамоўных у сталіцы. Цяпер сытуацыя іншая. Абсалютная рэальнасьць: палова пасажыраў аўтобуса ў гадзіну пік размаўляе па-беларуску. А як гудзе музычны Белнэт ад сьвежых песень маладых і вядомых рок-гуртоў: «Уздымайце запальніцы!», «Беларусь будзе вольнай!», «Усё роўна мы пераможам!» (патрыятычныя і лірычныя песьні знайсьці можна тут – www.music.fromby.net). Не губляйце пачуцьця гумару – варта працягваць піць зь сябрукамі на сьвятах за «стабільную, самабытную, алімпійскую…» Беларусь пад фанэрны канцэрт з АНТ, пераказваць анэкдоты ды маляваць «жабы» кшталту ашалелых амапаўцаў з крыламі анёлаў. І – ня бойцеся: «Калі вы скарыцеся страху – вы прайгралі. Калі не – прайгралі яны, з усімі сваімі дубінкамі, вінтоўкамі і гранатамі, турмамі ды аўтазакамі», – пішуць стваральнікі новага інтэрнэт-рэсурсу za-svabodu.org.

З прагаю

Давялося на днях пачуць такое: «Пастаялі мы ноч на Кастрычніцкай. А сэнсу?» Скептыкам варта пачытаць віртуальныя дзёньнікі сёньняшніх змагароў (самы папулярны – http://bullochka.livejournal.com), паслухаць аповеды тых, хто адбыў тэрмін пакараньня. Выснова напросіцца сама сабой – гэтая частка людзей перамагла. Найперш свой страх. Гэтая частка людзей загартавалася ды скансалідавалася міжсобку. І парушыць гэты жывы ланцуг аніякія дручкі ня ў стане. Прага можа выяўляцца ў чым заўгодна. Уласна жаданьне размаўляць па-беларуску – ужо прыкмета нескаронасьці. Давёўшы хоць бы кельнэрцы-цемрашалцы, што гэта такое – «гарбата з цытрынай бяз цукру», – можна сьвяткаваць міні-перамогу.

З учынкамі

Яшчэ адна перавага ў параўнаньні з часамі маладосьці Дубаўца – вялікія тэхнічныя мажлівасьці. Прынтэр дазваляе раздрукоўваць незалежныя газэты, якія цяжка цяпер дастаць. Фота- і тэлекамэра – паказаць знаёмцам-лукашыстам, што ня ўсё так адбывалася, як дэманструюць па белТВ. Пра мажлівасьці Інтэрнэту – лішне казаць: шараговы пэрформанс/флэш-моб, на падрыхтоўку якога раней ішлі тыдні, зараз арганізуецца за некалькі хвілінаў – дастаткова распаўсюдзіць праз IСQ, электронную пошту, жывы журнал, форумы – і гатова. Менавіта такім шляхам людзі сабраліся на флэш-моб з чытаньнем «Саўбеліі» і правялі акцыю Салідарнасьці з палітвязьнямі на гэтым тыдні.

Вартая справа, нават пры максымуме перашкодаў, знойдзе сваё ўвасабленьне. Задушаны, падавалася б, часопіс «Студэнцкая думка» нядаўна выйшаў у новым фармаце – на кампакт-дыску. Новы музычны лэйбл «Volia Music», які, здавалася на першы погляд, ня меў аніякіх шанцаў на раскрутку такога радыкальнага праекту, як «Песьні Свабоды», зладзіў распаўсюд дыскаў ня праз гандлёвыя кропкі, а па прыватнай падпісцы. Ня кажучы ўжо пра тое, што на забаронены для доступу ў беларускіх інтэрнэт-кавярнях сайт музычна-правакацыйнага «Ўльтравожыка» можна зайсьці празь дзясяткі іншых адрэсаў. На днях у Белнэце зьявіўся праект BZZ! (www.studenty.by/bzz.html). «BZZ! папраўляе здароўе ўсім ахвотным. Прыкаліся з тупізны – тут ёй і капец!», – тлумачаць змагары зь нездаровымі бZZікамі сваіх суайчыньнікаў і заклікаюць далучацца ўсіх, для каго словы «Скарына» і «Піцер», напрыклад, ёсьць тэмай для натхненьня.

А чаго Вам каштуе запісаць сапраўдны рок-гіт, пры наяўнасьці на тое здольнасьцяў? Якасны запіс сёньня зрабіць куды лягчэй і таньней, чым нават 10 год таму. Дастаткова толькі мець кампутар з пэўнымі праграмамі. Ды інструмэнты, натуральна. А вершы пісаць дык наогул выдаткаў не вымагае. І ў самай бліжэйшай будучыні акамянелы, старамодны рэжым сканае сам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0