Украіна можа выйсці з СНД з прычыны няздольнасці арганізацыі служыць інструментам вырашэння канфліктаў паміж яе членамі, заявіў в.а. міністра замежных спраў краіны Андрэй Дзешчыца ў інтэрв'ю радыёстанцыі «Эхо Москвы». 

Паводле слоў міністра, якога цытуюць украінскія СМІ, СНД і яго ўдзельнікі не рэагуюць на патрабаванні Украіны склікаць экстраннае пасяджэнне на ўзроўні кіраўнікоў МЗС з-за крызісу ў Крыме. 

«Калі мы як краіна, якая старшынствуе, звяртаемся ў Выканкам СНД і просім склікаць экстранную нараду і ніхто не рэагуе на сітуацыю, калі адна з краін-суседзяў нападае ўзброеным шляхам на іншую, тады навошта такая арганізацыя, калі яна не іграе ніякай ролі?» — заявіў Дзешчыца. 

Ініцыяванае Украінай нечарговае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў СНД у Кіеве 12 сакавіка не адбылося па рашэнні праведзенага напярэдадні ў Мінску пасяджэння Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў СНД пры статутных і іншых органах Садружнасці. Украінскі бок расцаніў гэта як «фактычнае самаўхіленне СНД ад вырашэння і нават абмеркавання сітуацыі ва Украіне і ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым». 

Пасяджэнне праходзіла ў Выканкаме СНД у закрытым фармаце.

«Падчас пасяджэння пастаянныя прадстаўнікі большасці дзяржаў — удзельніц СНД абвясцілі пазіцыю сваіх дзяржаў, якая заключаецца ў тым, што правядзенне нечарговага пасяджэння СМЗС у Кіеве 12 сакавіка г.г. не ўяўляецца магчымым у сувязі з неабходнасцю дапрацоўкі прапанаванага для разгляду пытання, якое датычыцца сітуацыі, што склалася ў асобных рэгіёнах Украіны, у прыватнасці ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым, і прыняцця адпаведнай заявы СМЗС», — гаварылася ў паведамленні ўкраінскага пастаяннага прадстаўніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?