Reuters.com

Reuters.com

Канцлерка ФРГ Ангела Меркель, выступаючы ў чацвер у бундэстагу, зрабіла жорсткую ўрадавую заяву па Украіне, піша The Wall Street Journal.

Меркель выбрала рэдкія для сябе моцныя словы. Расія, сказала яна, падчас крызісу ва Украіне «дзейнічала па законе джунгляў», незаконна, выкарыстоўваючы метады з XIX ст. «Закон джунгляў перамагае над сілай закона, аднабаковыя геапалітычныя меркаванні — над прынцыпамі ўзаемаразумення і супрацоўніцтва, — заявіла канцлерка. — У перыяд крайняй няпэўнасці ва Украіне Расія паказала сябе не партнёрам і не гарантам стабільнасці суседа, з якім яе звязваюць цесныя сувязі». «Расія скарысталася слабасцю Украіны», — сказала Меркель.

Паводле яе словаў, калі Расія не зменіць свой курс у крымскім пытанні, яе чакаюць «цяжкія» палітычныя і эканамічныя наступствы.

Яна падкрэсліла, што адзіны выхад з крызісу — шлях перамоваў, але заявіла, што Еўрасаюз і Захад у цэлым гатовыя замарозіць расійскія рахункі і ўзмацніць візавы рэжым, калі Расея «адмовіцца ад выніковых перамоваў».

«Калі Расея працягне ісці курсам апошніх тыдняў, гэта стане катастрофай не толькі для Украіны, — сказала канцлер. — Гэта будзе азначаць не толькі перагляд адносінаў з Расеяй Еўрасаюзам як адзіным цэлым. Гэта будзе азначаць, у чым я цвёрда перакананая, цяжкі ўдар па Расіі — як у эканамічным, так і ў палітычным сэнсе».

«Тэрытарыяльная цэласнасць Украіны не падлягае сумневу і абмеркаванню», — падкрэсліла яна. Сітуацыя ў Крыме непараўнальная з Косавам, лічыць Германія.

Раней, 2 сакавіка, у размове з прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам Меркель выказала меркаванне, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін страціў сувязь з рэальнасцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?