Што можа азмрочыць надыход вясны, дык гэта вага, набраная за зіму. З гэтай нагоды на «Белсаце» стартавала «першае беларускае аздараўляльна­-забаўляльнае шоу з элементамі буфанады, інтэрактыву і лёгкай эротыкі» з паэткаю Валярынаю Куставай і музыкам Паўлам Аракелянам. А таксама з прафесійнымі трэнерамі, лекарамі і пластычнымі хірургамі.

«Наша Ніва» пагутарыла з галоўнымі героямі праграмы пра новы для Беларусі фармат. Мы даведаліся, што гэта будзе амаль рэаліці­шоу, падчас якога Валярына будзе імкнуцца скінуць ледзь не 50 кг!

Наша Ніва: Валярына, ці не страшны такі эксгібіцыянізм і чаму ты на яго пагадзілася? 50 кілаграмаў — гэта вельмі шмат!

Валярына Кустава: У праграме я выдаю ўсе свае параметры: узрост, вагу, аб'ёмы. Я думаю, такая публічнасць матывуе. Захо­джу нядаўна ў кавярню на працы, а ўсе калегі хорам: «Ты што, бярэш мяса? Табе хіба можна мяса?!» Мне можна! Цяпер, калі нас будуць бачыць гледачы, то нават шакаладку на вуліцы не з'ясі — запеленгуюць. Зрэшты, шакаладку мне таксама можна! Я перакананая — я вытрымаю. І ўжо напрыканцы года вы мяне не пазнаеце. У найлепшым сэнсе.

НН: Павел, як ставішся да ўчынку Валярыны здзейсніць такі эксперымент?

Павел Аракелян: З павагай. Але публічнаму чалавеку не трэба баяцца ўвагі, таму больш за ўсе я паважаю яе працаздольнасць і мэтанакіраванасць.

НН: Напісана, што гэта бу­дзе шоу з элементамі эротыкі. Інтрыгуе, канечне, але чаго сапраўды чакаць?

Валярына: Абяцаем, што яна будзе. Бо ў нашай творчай брыгадзе, апроч мяне, пяцёра хлопцаў. Таму я ледзь стрымліваю іх фантазіі.

НН: Як паўстала ідэя такога шоу?

Валярына: Мы сустракаліся з Пашам на супольных выступах, і я бачыла, як ён файна выглядае. І аднойчы папросту спыталася, ці не мог бы ён параіць мне трэнера. І Паша прапанаваў сам заняцца мной. Заняткі праходзілі так весела і цікава, што мы вырашылі падзяліцца сваім досведам і з іншымі. Тым больш вынікі пачалі з’яўляцца адразу.

НН: Чым вашае шоу будзе адрознівацца ад тыповых фітнэс­праграм?

Павел: Па­першае, гэта шоу, пабудаванае на гумары і рогаце, глядзець яго будзе не толькі карысна, але і весела. Па­другое, мы робім яго як для сябе, выкладаючыся на 100% і болей.

Валярына: Гэта будзе правільны эмацыйны пасыл на здароўе. Не проста гадзіна заняткаў з серыі «паўтарай за намі», а стылізацыя свядомасці. Пасыл у тым, што, жывучы ў Беларусі, трэба быць здаровым і энергічным, каб дасягнуць задуманага.

Таксама гледачоў чакаюць новыя рубрыкі і госці — беларускія знаныя спартоўцы і лекары, а таксама мы будзем праводзіць конкурсы і кансультацыі.

НН: Можа, будуць яшчэ якія­-небудзь фішкі?

Валярына: Нарэшце з’явіцца праграма, у якой будуць элементы ўсяго таго, чаго так бракавала на беларускім тэлебачанні. Гэта і інтэрактыў з гледачамі праз сацыяльныя сеткі, і гумар, і інтым, і здаровы лад жыцця. Усё, чаго так не стае ў хворай і дэпрэсіўнай беларускай рэчаіснасці.

НН: Ці сапраўды можна будзе схуднець, гледзячы шоу і падпарадкоўваючыся таму, што там будуць распавядаць?

Валярына: Так, калі прытрымлівацца парадаў па харчаванні і занятках, якія мы даём цягам праграмы. Але не проста схуднець, а стаць здаровым, моцным і прыўкрасным. Каб выжыць і жыць у Беларусі.

Шоу стартавала 8 сакавіка. Худзець, гледзячы забаўляльнае шоу, можна на сайце «Белсата» кожную суботу а 18.30.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?