Міжнародная фэдэрацыя футболу сёньня апублікавала новы рэйтынг нацыянальных зборных. Сюды ўлічваліся матчы, якія каманды правялі ў кастрычніку. Нагадаем, што цягам месяцу каманда Бэрнда Штанге правяла два матчы. Спачатку беларусы ў Гомелі сэнсацыяна саступілі Люксэмбургу, а пасьля ў таварыскай гульне прайгралі ізраіліцянам.
Такія «посьпехі» каманды не маглі не адбіцца на яе рэйтынгу. Зборная Беларусі апусьцілася на дваццаць чатыры радкі ўніз, займаючы цяпер 94-ае. Так нізка наша каманда не падала цягам апошніх шасьці гадоў. Суседзямі беларусаў у рэйтынгу зьяўляюцца зборныя экзатычных Барбадосу і Ўганды.
Дарэчы, у новым рэйтынгу зьмяніўся лідэр. Першае месца цяпер займае Аргентына, якая пацясьніла чэмпіёнаў сьвету зь Італіі.