Учора, 17 сакавіка, у Гарвард-Смітсанаўскім цэнтры астрафізікі прайшла прэс-канференцыя, падчас якой амерыканскія навукоўцы паведамілі пра грандыёзнае адкрыццё. Дзякуючы дадзеным, атрыманым у абсерваторыі BICEP2 на Паўднёвым полюсе, астрафізікі зафіксавалі так званыя рэліктавыя гравітацыйныя хвалі, спароджаныя Вялікім выбухам 13,8 мільярды гадоў таму. 

Экстрэмальны холад і надзвычай статычнае сухое паветра Паўднёвага полюса ствараюць ідэальныя ўмовы для назірання і вывучэння касмічнага мікрахвалевага выпраменьвання. Фота Reuters

Экстрэмальны холад і надзвычай статычнае сухое паветра Паўднёвага полюса ствараюць ідэальныя ўмовы для назірання і вывучэння касмічнага мікрахвалевага выпраменьвання. Фота Reuters

Пры дапамозе спецыяльнага радыётэлескопа навукоўцы адсочвалі, як змянялася палярызацыя рэліктавага выпраменьвання, якое ўзнікла ў момант з'яўлення Сусвету. Як тлумачаць астрафізікі, гравітацыйныя хвалі аказваюць на палярызацыю непасрэдны уплыў. Карта тэмператур рэліктавага выпраменьвання і карціна палярызацыі даказваюць тэорыю інфляцыі, згодна з якой Сусвет пачаўся з Вялікага выбуху і ў першыя секунды існавання экспанентна пашыраўся.

Гэтае адкрыццё вельмі важнае для сучаснай навукі. Яно дасць магчымасць вызначыць, як адбывалася пашырэнне Сусвету, і вылічыць магутнасць гэтага працэсу. Існаванне рэліктавых гравітацыйных хваляў было прадказана Альбертам Эйнштэйнам яшчэ 100 гадоў таму, аднак да гэтага часу гіпотэза не была пацверджаная эксперыментальна. Калі адкрыццё пацвердзіцца, навукоўцаў чакае Нобелеўская прэмія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?