«Не чакаем, што Беларусь ударыць нас у спіну. Упэўнены, што не ўдарыць», — заявіў у інтэрв'ю БелаПАН пасол Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежаль, адказваючы на пытанне, ці не апасаецца Украіна таго, што Беларусь можа прыняць бок Расіі ў расійска-ўкраінскім канфлікце.

Ежаль нагадаў, што раней афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі ўжо выказваліся ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. «Мы ўдзячныя Беларусі за яе ўзважаную пазіцыю. Беларусь заняла дакладную пазіцыю аб недатыкальнасці нашых межаў і цэласнасці тэрыторыі», — сказаў украінскі пасол. 

Ежаль падкрэсліў, што для Украіны вельмі важная гэтая падтрымка, таму што Беларусь з'яўляецца адным з найбліжэйшых яе партнёраў. 

Гаворачы пра перспектывы развіцця адносінаў паміж дзвюма краінамі, пасол адзначыў: «Думаю, што ў галіне палітычнай усё будзе ў нас нармальна. У нашых адносінах з Беларуссю няма прычын для змяненняў, з'яўленняў нейкіх прэтэнзій адзін да аднаго». 

На пытанне, ці няма ва Украіны апасенняў наконт таго, што Крэмль можа націснуць на беларускае кіраўніцтва, Міхаіл Ежаль адказаў: «Ваш прэзідэнт ужо сказаў: ніхто на мяне не ціснуў і не будзе ціснуць. Ён смела і адкрыта сказаў гэта на ўвесь свет». 

Нагадаем, 12 сакавіка на пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ніякага націску з боку Крамля ў сувязі з падзеямі ва Украіне на яго няма. «На мяне ніхто не цісне, ніякія крамлі і іншыя на мяне ніколі не ціснулі. Таму што гэта, па-першае, бесперспектыўна ці, як кажуць дыпламаты, контрпрадуктыўна. На мяне няма чаго ціснуць». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?